Мінск 02:05

СМІ: Капітан міліцыі кіраваў бандай, якая абкрадала дальнабойшчыкаў, — у 2020-м ён удзельнічаў у рэпрэсіях

Міхаіл Згірскі другі справа
Фота: dokshitsy.by

23 траўня, Позірк. Камітэт дзяржбяспекі затрымаў супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС (Віцебская вобласць) капітана міліцыі Міхаіла Згірскага па абвінавачванні ў кіраўніцтве бандай налётчыкаў, якая абкрадала фуры на стаянках па ўсёй Беларусі.

Паводле інфармацыі выдання “Наша Ніва”, асоба Згірскага была ўстаноўленая пасля допытаў іншых удзельнікаў злачыннай групы.

Адзначаецца, што супрацоўнік МУС для здзяйснення названых злачынстваў выкарыстоўваў “свой спецыфічны доступ да інфармацыі і веданне метадаў канспірацыі”.

Як сцвярджаецца, ён “не толькі даводзіў удзельнікам банды інфармацыю аб ходзе расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах”.

Пры ператрусе ў кватэры капітана выяўлена “іншая, адрозная ад табельнай, зброя”, якая фігуравала ў заявах пацярпелых, а таксама “адзенне з арыенціровак і балаклава”.

Згірскаму 27 гадоў, у яго ёсць жонка і дзіця. Ураджэнец Талачына (Віцебская вобласць).

Падкрэсліваецца, што крымінальная справа знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўніцтва МУС, Следчага камітэта, Генеральнай пракуратуры і КДБ. Іншыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхіленыя ад службы і правяраюцца на прадмет датычнасці да злачынстваў. Пасля затрымання Згірскага прызначанае новае кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў.

Паводле звестак выдання, пасля прэзідэнцкіх выбараў Згірскі ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях — затрымліваў грамадзян за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і выказванне грамадзянскай пазіцыі.

20 траўня прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне пецярых жыхароў Оршы (Віцебская вобласць), якія абкрадалі фуры на стаянках.

“Пакуль кіроўца спаў у кабіне, злачынцы ўзломвалі замок грузавога адсека, загружалі свой мікрааўтобус крадзеным таварам — ад тэхнікі да харчавання — і з’язджалі з месца злачынства. Скрадзенае потым прадавалі ў Расіі або карысталіся ім самі”, — гаварылася ў паведамленні.

У крымінальнай справе шэсць эпізодаў.

Падзяліцца: