Мінск 22:37

98% зняволеных сутыкаюцца са зневажальным стаўленнем з боку адміністрацый ПК — апытанне

Фота: "Позірк"

23 траўня, Позірк. Са зневажальным стаўленнем з боку адміністрацый папраўчых калоній сутыкаюцца 98% зняволеных, сведчыць апытанне, праведзенае ініцыятывай “Урачы за праўду і справядлівасць”.

Даныя даследавання прадставіла 23 траўня ў Празе сузаснавальнік ініцыятывы Вольга Вялічка.

У выступе на кангрэсе, прысвечаным беларускім палітвязням, яна паведаміла, што ў апытанні ўзялі ўдзел 105 чалавек. Рэспандэнтамі сталі былыя зняволеныя, у тым ліку “палітычныя”.

Паводле слоў Вялічкі, медагляд пры паступленні ў калонію праходзілі 55% апытаных. Больш за 80% з іх не ведалі, хто іх аглядаў і збіраў інфармацыю пра іх здароўе. Больш за 50% паведамілі, што агляд быў “фармальным”.

Дакументы аб наяўнасці хранічнага захворвання і вынікі даследаванняў, выдадзеныя ўстановамі аховы здароўя на волі, у калоніях не прымалі.

Паводле атрыманых звестак, стан здароўя ў няволі пагоршыўся ў 86% апытаных, 38% ацанілі забеспячэнне лекамі як дрэннае, адзначыўшы, што ў месцах несвабоды прызначаюцца толькі прэпараты беларускай вытворчасці.

Каля 76% удзельнікаў даследавання паведамілі, што не маюць патрэбы ў дапамозе псіхолагаў, аднак больш за 90% іх сваякоў у рамках іншага даследавання адзначылі, што такая дапамога ім патрэбная, падкрэсліла Вялічка.

“Гераізацыя вызваленых прыводзіць да таго, што нагрузка кладзецца на іх сваякоў. Менавіта яны будуць вымушаныя выслухоўваць, што здарылася з былымі зняволенымі за кратамі. Аднак сваякі як раз хочуць забыць тое, што перажылі, пакуль чакалі родных”, — сказала Вялічка.

Адзначыўшы, што ўсе зняволеныя пакутуюць ад састарэлай сістэмы аказання меддапамогі ў пенітэнцыярнай сістэме, Вялічка адзначыла, што для палітвязняў гэта яшчэ адзін спосаб ціску з боку адміністрацыі.

Падзяліцца: