Мінск 14:38

За суткі агонь забраў жыцці 7 чалавек, у параўнанні з мінулым годам смяротнасць на пажарах павялічылася на 18% (дапоўнена)

Фота: МНС

Дададзеныя 3–6 абзацы

26 траўня, Позірк. За мінулыя аператыўныя суткі (з 6:00 да 6:00) ад агню загінула сем чалавек, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Гібель людзей у выніку пажараў зафіксавана ў Віцебску, у Ваўкавыскім (Гродзенская вобласць) і Асіповіцкім (Магілёўская вобласць) раёнах, па два чалавекі загінула ў Барысаўскім і Пухавіцкім раёнах (Мінская вобласць).

Удакладняецца, што ад атрыманых апёкаў на пажары 5 траўня ў Віцебску памерла жанчына 2001 года нараджэння.

Раніцай 25 траўня ў згарэлым шалашы ў Ваўкавыскім раёне знойдзена цела мужчыны “без пэўнага месца жыхарства”.

Увечары выяўленыя чацвёра загінулых на пажарах у Мінскай вобласці: у Пухавіцкім раёне — двое мужчын (гаспадара жылля і яго госця), у Барысаўскім — двое невядомых.

У ноч на 26 траўня ў Асіповіцкім раёне загінуў пенсіянер.

З пачатку года агонь забраў 269 жыццяў (на 18% больш, чым за той жа перыяд 2023-га).

За суткі ў Беларусі адбылося 28 пажараў, з пачатку года — 2.423 (+2,4%). У 2024 годзе агонь траўмаваў 219 чалавек (-3,5%).

30 студзеня кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі на пасяджэнні калегіі ведамства заявіў, што адзін з галоўных вынікаў дзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у 2023 годзе — зніжэнне колькасці пажараў і гібелі людзей ад іх.

Паводле яго слоў, “год быў добрым <…> па ўсіх пазіцыях”, дасягненнем ён назваў “станоўчую дынаміку ў частцы скарачэння колькасці надзвычайных сітуацый”, у тым ліку “пажараў, а таксама гібелі людзей ад іх”.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што МНС “з усімі пастаўленымі задачамі справілася” і назваў яго калектыў “падрыхтаваным у прафесійным, маральным плане”.

“Гэта дзяржаўныя людзі, якія бачаць перад сабой праблемы, якія трэба вырашаць, і нацэленыя на вырашэнне гэтых праблем”, — дадаў ён.

Заявы аб скарачэнні колькасці пажараў у мінулым годзе прагучалі на фоне іх росту ў 2024-м.

Падзяліцца: