Мінск 11:10

Два жыхары Мінска затрыманыя за збыт мефедрону

Відэа: ГУУС Мінгарвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

17 верасня, Позірк. Аб затрыманні двух мінчукоў за распаўсюд мефедрону паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

Адзначаецца, што 23-гадовы мантажнік і 50-гадовы дырэктар арганізацыі “знайшлі крымінальную падпрацоўку“ ў адным з месенджараў і дзейнічалі паводле ўказанняў куратара наркашопа.

У затрыманых канфіскаваныя мабільныя тэлефоны з перапіскай з куратарам і каардынатамі абсталяваных схованак. Пры аглядзе названых месцаў выяўлена і канфіскавана больш за 100 доз мефедрону.

Паводле даных ГУУС, мужчыны падтрымлівалі прыяцельскія адносіны. Яны забіралі аптовыя партыі псіхатропнага рэчыва, расфасоўвалі яго па месцы жыхарства і раскладвалі па схованках у Мінску і Мінскім раёне.

Распачатыя крымінальныя справы за абарот наркотыкаў з мэтай збыту.

Паводле даных Вярхоўнага суда, за першыя шэсць месяцаў 2026 года за звязаныя з наркотыкамі злачынствы асуджана 1.039 чалавек, з іх 666 — за “незаконны абарот без мэты збыту” (ч. 1 арт. 328 КК), 314 — за “незаконны абарот з мэтай збыту” (ч. 2–5 арт. 328 КК).

Як паведамляў “Позірк”, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%). З іх 2.077, або 92,2%, прызнаныя вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: