Мінск 12:23

Беларусь плаціць за адаптацыю да санкцый перадачай РФ свайго эканамічнага суверэнітэту — BEROC

Крыніца: beroc.org

30 траўня, Позірк. Адным з галоўных элементаў адбыўшагася “прыстасавання” беларускай эканомікі да заходніх санкцый з’яўляецца пераарыентацыя значнай часткі гандлю на расійскі рынак, а таксама інфраструктура і лагістыка паставак праз тэрыторыю РФ, лічыць старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Дзмітрый Крук. Яго меркаванне апублікавана ў штомесячным аглядзе арганізацыі.

Поспехам у пастаўках на расійскі рынак “сур’ёзна паспрыялі”, паводле яго слоў, “вонкавыя ўмовы: слабая канкурэнцыя на рынку РФ у момант пераарыентацыі беларускага экспарту і цэнавая кан’юнктура”.

“Новыя ж лагістычныя схемы дазволілі адносна хутка ў значнай ступені аднавіць экспарт, найперш галоўных стратэгічных тавараў — калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў, якія складаюць ільвіную долю экспарту, які трапіў пад санкцыі. Але таксама гэтыя схемы аказаліся важнымі пры экспарце драўніны, чорных металаў, гумавых вырабаў”, — адзначае эксперт.

Таксама, звяртае ўвагу Крук, важную ролю адыграла “даволі аператыўная перабудова лагістычных і плацежных схем”.

“Трэці па значнасці механізм, які спрацаваў на прыгнечанне негатыўнага ўздзеяння абмежаванняў, — гэта прамыя і іншыя лёгка манетызуемыя плюшкі ад Расіі. Сюды можна аднесці энергетычныя (нафтавыя і газавыя) субсідыі, якія вярнуліся на гістарычныя максімумы — і ў грашовым вымярэнні, і ў супастаўленні да ВУП”, — піша ён.

На чацвёртае месца “можна паставіць прамы абыход санкцый”.

У якасці прыкладу ён называе пастаўкі беларускай драўніны ў краіны ЕС пад выглядам казахстанскай або ўзбекістанскай, а таксама іншых падсанкцыйных тавараў пад маркіроўкай тых, якія не патрапілі пад абмежаванні.

“Можна дапусціць, што ⟨…⟩ такія схемы выкарыстоўваюцца для рэалізацыі чорных металаў, гумавых вырабаў і, магчыма, цэменту”, — мяркуе Крук.

Разам з тым, лічыць эксперт, высокая ступень адаптыўнасці, аб якой раней ішла размова, дазволіла змякчыць санкцыйны ўдар, аднак дасягнутую пазіцыю “нельга назваць устойлівай”.

“Пераарыентацыя экспарту, у першую чаргу на расійскі рынак, а таксама пастаноўка лагістыкі на расійскія рэйкі, робіць яго вельмі ўразлівым па многіх пазіцыях. Беларускія кампаніі не маюць гарантый доступу да магутнасцей расійскай інфраструктуры. Ужо зараз абмежаванасць свабодных транспартных і лагістычных магутнасцей прыводзіць да таго, што запыты беларускіх кампаній задавальняюцца не ў поўнай меры”, — лічыць прадстаўнік BEROC.

На яго думку, экспарт становіцца вельмі адчувальным да палітычнага і эканамічнага ўздзеяння з боку Расіі.

“Дадатковым фактарам, які не дазваляе разглядаць дасягнутыя вынікі ў купіраванні эфектаў ад уведзеных абмежаванняў як трывалыя і ўстойлівыя, з’яўляецца рызыка ўвядзення новых санкцый, — падкрэсліў Крук. — Гэта значыць, захоўваецца дастаткова высокая верагоднасць як узмацнення жорсткасці механізмаў кантролю за існуючымі абмежаваннямі, так і ўвядзення новых”.

Гэта таксама можа “пахіснуць цяперашнюю сітуацыю”, таму што ўжо зараз “прыкметнае лабіраванне з боку часткі еўрапейскага палітыкум пытання сінхранізацыі беларускіх санкцый з Расіяй”.

“Асобна можна назваць фіскальную залежнасць: сённяшняя адносная бюджэтная ўстойлівасць па вялікім рахунку завязана на Расіі. Да 10% даходаў рэспубліканскага бюджэту звязаны з расійскімі датацыямі праз механізм зваротнага акцыза. З улікам іншых паступленняў, якія так ці інакш звязаныя з Расіяй, можна казаць пра 20% даходаў”, — напісаў аўтар.

Такім чынам, паколькі практычна ўсе механізмы адаптацыі да санкцый у той ці іншай меры звязаныя з РФ, “платай за іх выкарыстанне становіцца перадача Расіі частцы эканамічнай перагаворнай сілы і палітычнага ўздзеяння”, рэзюмуе эксперт.

Падзяліцца: