Мінск 18:36

Урад ухваліў два праекты міжнароднай дапамогі па ўмацаванні ядзернай бяспекі

Фота: сацсеткі БелАЭС

31 траўня, Позірк. Два праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі па ўмацаванні ядзернай бяспекі ўхваленыя пастановай Савета міністраў № 392 ад 29 траўня.

Згодна з дакументам, апублікаваным 31 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, рашэнне прынятае на падставе прапаноў Камісіі па пытаннях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры ўрадзе (пратакол ад 3 траўня).

Каардынацыю і кантроль за рэалізацыяй праекта “Удасканаленне нацыянальнай інфраструктуры радыяцыйнага маніторынгу і сістэмы аварыйнага рэагавання” загадана забяспечваць Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, праекта “Умацаванне інфраструктуры рэгулявання ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі на пачатковым этапе эксплуатацыі атамнай электрастанцыі” — Міністэрству па надзвычайных сітуацыях.

У пастанове не канкрэтызавана, хто надасць Беларусі міжнародную тэхнічную дапамогу. Зыходзячы з папярэдніх дакументаў падобнага зместу, можна меркаваць, што гаворка пра дапамогу з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ).

19 красавіка ўрад ухваліў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Падвышэнне бяспекі, надзейнасці і эфектыўнасці атамнай электрастанцыі на пачатковым этапе яе эксплуатацыі”. Яго каардынуе Міністэрства энергетыкі.

Збудаванне Беларускай АЭС завяршылася ўвосень 2023 года. Першы энергаблок станцыі сілкуе энергасістэму краіны з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 тряўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Падзяліцца: