Мінск 04:55

Ціханоўская: Будучыня Беларусі за нашымі дзецьмі, і нашая задача — падаваць ім прыклад

Архіўнае фота: "Позірк"

1 чэрвеня, Позірк. “Будучыня Беларусі за нашымі дзецьмі, і нашая задача — падаваць ім прыклад”, — адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 1 чэрвеня ў звароце з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей.

На думку палітыка, “толькі праз адкрытасць, падтрымку і размовы” можна абараніць дзяцей “ад ідэалогіі тых, хто забраў у іх бесклапотнае дзяцінства”. Яна ўпэўненая, што бацькоўская любоў і клопат “заўсёды мацнейшыя за навязаную прапаганду”.

“Ведаеце, мая дачка часта пытаецца пра жыццё ў Беларусі. Ёй цікава, дзе я хадзіла ў школу, як пазнаёмілася з татам і кім мы працавалі, — падзялілася ўласнай гісторыяй Ціханоўская. — Яна ведае, што мы жывем не дома. Яна разумее, што дом — гэта месца, куды цяпер нельга, нават калі вельмі хочацца. Амаль палову свайго жыцця яна правяла ў чужой краіне. Мне балюча, што ў мяне няма адказу на яе самае частае пытанне: “Калі мы зможам вярнуцца дадому?”

“Мой сын быў змушаны пасталець вельмі рана. Я стараюся даць яму нармальнае дзяцінства, але гэта не заўсёды лёгка. Пакуль яго аднагодкі абмяркоўваюць камп’ютарныя гульні і першыя закаханасці, ён сумуе па аднятым жыцці”, — дадала дэмлідар.

Яна падкрэсліла, што дзеці “не заслужылі такога юнацтва”, калі “бабулі і дзядулі не могуць правесці з імі летнія вакацыі, сябры не могуць паклікаць іх на гульні ў двор роднай хаты”.

“Замест сапраўднай беларускай гісторыі нашых дзяцей вучаць абыходзіцца з аўтаматамі. Замест важных кніг Васіля Быкава, Янкі Купалы, Святланы Алексіевіч іх знаёмяць з прапагандысцкімі ролікамі. Але нашыя дзеці мацнейшыя за жах рэжыму. Іх не зламаць ні страхам, ні хлуснёй. Яны бачаць усю праўду, як на далоні, і смяюцца з тых, хто спрабуе пераканаць іх у адваротным”, — заявіла Ціханоўская.

За мінулы год колькасць дзяцей у Беларусі скарацілася на 26.375 (-1,4%), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Калі на 1 студзеня 2023 года ў краіне пражывала 1.827.758 дзяцей і яны складалі 19,7% насельніцтва, то на 1 студзеня 2024-га — 1.801.383 і 19,3% адпаведна.

На хвалі рэпрэсій, якія сталі рэакцыяй на пратэсты супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і гвалту з боку сілавікоў, з Беларусі з’ехалі сотні тысяч чалавек, у тым ліку цэлыя сем’і з дзецьмі.

Падзяліцца: