Мінск 04:36

Адкрытыя рэгулярныя авіязносіны паміж Мінскам і Ульянаўскам, чартарныя — паміж Мінскам і Валгаградам

Крыніца: віякампанія Red Wings

2 чэрвеня, Позірк. Першы рэйс расійскай кампаніі Red Wings з Ульянаўска ў Мінск здзейснены 1 чэрвеня, паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік гэтага рэгіёну РФ Аляксей Рускіх.

Паводле яго слоў, новы маршрут арганізаваны па выніках дамоўленасці з Аляксандрам Лукашэнкам падчас сустрэчы ў 2023 годзе.

Рускіх падкрэсліў, што рэйс субсідуецца урадам Ульянаўскай вобласці. “Гэта неабходна для стрымлівання коштаў на квіткі”, — удакладніў чыноўнік.

Пералёты па гэтым маршруце (адлегласць складае 1,4 тыс. км) будуць выконвацца раз на тыдзень. З Ульянаўска борт будзе вылятаць кожную суботу ў 19:50 па часе пункта адпраўлення (прыбыццё ў Мінск — 21:20 па часе пункта прызначэння); у зваротным кірунку — па нядзелях у 14:15 (прыбыццё — 17: 35). Час у шляху — 2,5 гадзіны.

Ульянаўск стаў пятым расійскім горадам, адкуль самалёты Red Wings будуць лётаць у Мінск. Раней былі арганізаваныя рэйсы з Архангельска, Уфы, Чэлябінска. Таксама з 1 чэрвеня аднавіліся палёты з Самары.

Паводле слоў памочніка гендырэктара па спецрэйсах Нацыянальнага аэрапорта Мінск Васіля Корнева, Ульянаўск стаў 18-м авіякірункам з Расіі ў Беларусь.

У тэлеграм-канале аэрапорта ён анансаваў адкрыццё маршрутаў кампаніі Red Wings з Астрахані, Омска, Саратава, Стаўрапаля.

Пра магчымасць адкрыцця ў 2024 годзе рэйса Ульянаўск — Мінск 29 лютага паведаміў пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты. На той момант, паводле слоў дыпламата, ужо была падабраная авіякампанія і абмеркаваная схема фінансавання маршруту.

1 чэрвеня запушчана таксама “палётная праграма” паміж Валгаградам і Мінскам, паведаміла прэс-сакратар міжнароднага аэрапорта гэтага расійскага горада Анастасія Галадова.

Паводле яе слоў, якія перадае ТАСС, “заказныя рэйсы” (чартарныя) па гэтым маршруце будуць выконвацца ўлетку авіякампаніяй “Белавія”.

Намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык на пленарным пасяджэнні Другога беларуска-расійскага турыстычнага кангрэса 17 красавіка ў Мінску заявіў, што сёння Беларусь звязаная авіязносінамі з 16 расійскімі рэгіёнамі і “гэтага мала”. Міністэрства эканамічнага развіцця РФ, якое вывучала гэтае пытанне, паведаміла, што аб патрэбнасці авіямаршрутаў у Беларусь заявіла больш за 30 расійскіх рэгіёнаў.

Адзначалася, што Федэральнае агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя) вывучае цікавасць расійскіх авіякампаній па арганізацыі рэйсаў у Гродна.

3 красавіка адкрыліся рэйсы паміж Брэстам і Масквой, 22 сакавіка — паміж Гомелем і Санкт-Пецярбургам, 22 красавіка — паміж Мінскам і Архангельскам, 25 красавіка — паміж Мінскам і Махачкалай, 28 траўня — паміж Мінскам і Мурманскам (выконваліся ў траўні — кастрычніку 2023 года, перапыненыя на зімовы перыяд).

27 траўня на сустрэчы з губернатарам Алтайскага краю РФ Віктарам Таменкам Лукашэнка прапанаваў арганізаваць авіярэйс паміж Мінскам і Барнаулам.

Падзяліцца: