Мінск 13:31

Трэцяя лінія мінскага метро прыпыніла працу праз задымленне на станцыі “Юбілейная плошча” (дапоўнена)

Фота: tuda-suda.by

2 чэрвеня, Позірк. Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях атрымалі інфармацыю аб задымленні ў тунэлі на станцыі метро “Юбілейная плошча” і выехалі па выкліку, паведаміла прэс-служба ведамства.

Адзначалася, што прыпынены рух цягнікоў па абодвух напрамках на 3-й лініі.

Адметна, што паведамленне аб выездзе на месца здарэння было апублікавана ў тэлеграм-канале МНС у 15:19, пры гэтым тэлеграм-канал метрапалітэна неўзабаве пасля гэтага заявіў аб аднаўленні з 15:10 руху цягнікоў па 3-й лініі.

У паведамленні метрапалітэна гаворыцца, што рух цягнікоў быў прыпынены ў 15:00 “у сувязі з задымленнем у тупіку”, “для высвятлення абставінаў былі прыцягнутыя супрацоўнікі МНС” і “сітуацыя аператыўна вырашылася”.

Прэс-служба МНС адзначыла, што “дым сярэдняй канцэнтрацыі” быў знойдзены “з вентыляцыйнага кіёска па вул. Мельнікайтэ”.

“Паводле папярэдніх даных, адбылося загаранне аўтамата ў вентшахце, якое ліквідавана ратавальнікамі. Пацярпелых няма. Рух па ўсіх лініях метро адноўлены”, — падкрэсліла ведамства.

“Юбілейная плошча” — канцавая станцыя Зялёналужскай лініі метрапалітэна. З’яўляецца перасадачнай на станцыю “Фрунзенская” Аўтазаводскай лініі. Размешчаная на Юбілейнай плошчы, на скрыжаванні Сухой і Кальварыйскай вуліц. Станцыя адкрытая для пасажыраў 7 лістапада 2020 года і з’яўляецца самай глыбокай у мінскім метро (глыбіня залажэння — 32 м).

Падзяліцца: