Мінск 11:43

Эканамічная бяспека ЕАЭС залежыць ад развіцця прамысловай кааперацыі, сцвярджае Галоўчанка

Архіўнае фота: прэс-служба ўрада Казахстана

4 чэрвеня, Позірк. Дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) “проста абавязаныя” знайсці агульныя праекты прамысловай кааперацыі, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 4 чэрвеня ў Нясвіжы (Мінская вобласць) на пасяджэнні міжурадавага савета ЕАЭС.

Паводле яго слоў, гэтыя праекты неабходна “знайсці, скласці і прафінансаваць, затым атрымаць вынік” (на падставе відэафрагмента ў тэлеграм-канале ўрада).

“Сумесная праца ў гэтым напрамку не проста скіраваная на забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту — гэта залог эканамічнай бяспекі нашых краін, — сцвярджае чыноўнік. — Разлічваем на далейшыя прадметныя і дзейсныя намаганні па рэалізацыі беларускай ініцыятывы пілотнага праекта “Еўразійскі электробус”.

Беларусь, заявіў Галоўчанка, “стварае ўсе ўмовы для кааперацыйнага ўзаемадзеяння прадпрыемстваў па вытворчасці сумеснага прадукту пад еўразійскім брэндам”.

“Просім дзяржавы — члены саюза, [Еўразійскую эканамічную] камісію таксама больш актыўна ўключацца ў гэты працэс для прыцягнення прамысловых прадпрыемстваў, якія маюць кампетэнцыі ў вытворчасці электратранспарту, дэталей, вузлоў і камплектуючых да яго”, — звярнуўся прэм’ер да ўдзельнікаў сустрэчы.

За 10 гадоў, сказаў кіраўнік беларускага ўрада, валавы ўнутраны прадукт ЕАЭС у супастаўных цэнах павялічыўся больш як на 12%, паводле вынікаў мінулага года ён ацэньваецца ў 2,4 трлн долараў.

“Развіваецца ўзаемны гандаль, які вырас за мінулы год яшчэ на 4,7% і дасягнуў 88 мільярдаў 700 мільёнаў долараў. Прычым за дзесяцігоддзе аб’ём тавараабароту паміж нашымі краінамі практычна падвоіўся”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Галоўчанкі, у агульным аб’ёме ўзаемнага гандлю “ўдзельная вага кааперацыйных тавараў” склала 35%, а доля нацыянальных валют пры разліках паміж краінамі ЕАЭС у 2023 годзе перасягнула 80%.

Па выніках пасяджэння кіраўнікі дэлегацый Еўразійскай міжурадавай рады падпісалі пяць сумесных дакументаў. Дэталяў пакуль няма.

29 траўня ў Мінску старшыня Суда ЕАЭС Аляксей Дронаў не выключыў пашырэння саюза.

“Можа быць, будуць і іншыя дзяржавы, якія захочуць удзельнічаць у Саюзнай дзяржаве, але, наколькі я ведаю, пакуль гэтае пытанне ў практычнай плоскасці не стаіць, — заявіў чыноўнік. — А вось у ЕАЭС, мне падаецца, маюцца вельмі сур’ёзныя перспектывы для далейшага развіцця, інстытуцыйнага развіцця, і я не выключаю пашырэння кола дзяржаў-удзельніц”.

Паводле яго слоў, падпісанне 10 гадоў таму дагавора аб ЕАЭС “азнаменавала пераход да новага этапу развіцця еўразійскай інтэграцыі”. Пры гэтым сам дакумент увабраў у сябе тыя “шматлікія напрацоўкі”, якія “былі дасягнутыя на папярэдніх этапах”.

ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая мае міжнародную правасуб’ектнасць. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), а таксама Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).

Краіны-назіральніцы — Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Сербія і Сінгапур.

Падзяліцца: