Мінск 18:36

На прапанову Польшчы адкрыць пераход у Баброўніках Лукашэнка адказаў нападамі мігрантаў на мяжы — Латушка

Крыніца: tvn24.pl

4 чэрвеня, Позірк. У тым, што краіны-суседзі “адгароджваюцца ад Беларусі жалезнай заслонай”, вінаваты рэжым Аляксандра Лукашэнкі, заявіў 4 чэрвеня ў сваім тэлеграм-канале кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

Напружанасць на мяжы, паводле яго слоў, скончыцца толькі тады, калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай.

Палітык звярнуў увагу, што пасля заявы прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска аб магчымым адкрыцці памежнага пераходу ў Баброўніках, “прайшла цэлая серыя” нападаў мігрантаў з “камянямі і халоднай зброяй” на польскіх памежнікаў і вайскоўцаў.

“Польшча зрабіла першы крок — прапанавала адкрыць Баброўнікі. Чым адказаў Лукашэнка? Ён стаў адпраўляць польскіх памежнікаў у лякарню з сур’ёзнымі раненнямі”, — адзначыў Латушка.

Улады ў Мінску, паводле яго сцвярджэння, “здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі”, ” ваенныя злачынствы супраць Украіны”, удзельнічаюць у “незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей”, а таксама “арганізавалі ўгон самалёта і міграцыйную вайну”. Усё гэта, дадаў кіраўнік НАУ, “працягваецца ўжо чатыры гады”.

“Гэта развязвае Лукашэнку рукі. Ён у нейкім сэнсе ўжо прынізіў Еўропу. Ён хоча паказаць, што Еўропа нямоглая і нічога не можа яму зрабіць. Вядома, дыктатару немагчыма адказаць аналагічнымі дзеяннямі, але ў нас таксама ёсць інструмент: увядзенне моцных гандлёвых санкцый, якія на нацыянальным узроўні можа выкарыстоўваць і Польшча”, — адзначыў Латушка.

На яго думку, для змены сітуацыі неабходна “вельмі строгае выкананне санкцый з боку эканамічных суб’ектаў ЕС, якія гандлююць з рэжымам Лукашэнкі”, бо дзякуючы абыходу абмежаванняў “рэжым зарабляе”.

Таксама Латушка лічыць неабходным “накіраваць справу аб злачынствах [рэжыму Лукашэнкі] супраць чалавечнасці для расследавання ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе”.

“Пакет дакументаў ужо даўно падрыхтаваны Народным антыкрызісным упраўленнем. Наша каманда гатовая працягваць аказваць у гэтым садзейнічанне”, — сказаў палітык, падкрэсліўшы, што “сёння гэта пытанне палітычнай волі”.

“Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасці. І нам трэба паказаць яму, што заходні свет мацнейшы за яго. У нейкім сэнсе гэта гульня на ўпартасць, але калі адпусціць сітуацыю і ніяк не рэагаваць, Лукашэнка будзе толькі ўзмацняць свае дзеянні”, — рэзюмаваў Латушка.

24 траўня Туск дапусціў адкрыццё пункта пропуску Баброўнікі (з беларускага боку — Бераставіца). На адкрытай сустрэчы ў Беластоку кіраўнік урада заявіў, што гэта дазволіла б “разблакаваць важную частку польскага малога і сярэдняга бізнесу”. Паводле яго слоў, рашэнне можа быць прынятае цягам некалькіх дзён.

28 і 31 траўня, а таксама 4 чэрвеня Памежная ахова Польшчы паведамляла пра напады нелегальных мігрантаў на памежнікаў і вайскоўцаў. Некалькі чалавек было шпіталізавана з траўмамі.

29 траўня Туск наведаў размяшчэнне памежнікаў у вёсцы Дубіча-Цэркэўне (каля Белавежскай пушчы) і заявіў аб планах аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю.

3 чэрвеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што бягучая сітуацыя ў адносінах Польшчы і Беларусі не дазваляе адкрыць пагранпераход у Баброўніках.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза працягваецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі лічаць яго гібрыднай атакай, арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Падзяліцца: