Мінск 10:33

Самалёт “Белавія” прыбыў у Грузію са спазненнем праз праблемы з ціскам у кабіне пілотаў

Фота: planespotters.net

5 чэрвеня, Позірк. Падчас рэйса ў Грузію ў самалёта “Белавія” Embraer E195LR (бартавы нумар EW-400PO) узнікла “праблема з падтрыманнем ціску ў кабіне пілотаў”, праз гэта да месца прызначэння ён прыбыў са спазненнем на паўгадзіны, паведамляе тэлеграм-канал “АдВінта. Авіяцыя Беларусі”.

Самалёт накіроўваўся па маршруце Мінск — Кутаісі ў ноч на 3 чэрвеня.

Удакладняецца, што ў паветранага судна ўзнікла праблема з “наддувам кабіны”.

Гаворка пра самалёт у ліўрэі ад кампаніі Wargaming, празваным “Зубралёт”.

Адзначаецца, што аб няспраўнасці стала вядома ў зоне адказнасці Самарскага цэнтра адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху. Праз немагчымасць заняць прапанаваны дыспетчарам эшалон, экіпаж “прыняў рашэнне рухацца па альтэрнатыўным маршруце праз паветраную прастору Казахстана”.

“У Кутаісі авіятэхнікі аператыўна ліквідавалі прыкрую няспраўнасць і зваротны рэйс праходзіў ужо па штатным маршруце”, — гаворыцца ў паведамленні.

Са спасылкай на неназванага эксперта сцвярджаецца, што “падобны выпадак не з’яўляецца інцыдэнтам”.

Embraer E195LR — сярэднемагістральны пасажырскі самалёт для маршрутаў малой і сярэдняй дыстанцыі, быў набыты “Белавія” ў лізінг у бразільскай кампаніі Embraer у траўні 2014 года. На сёння ўзрост самалёта складае 10 гадоў і 2 месяцы з моманту пачатку эксплуатацыі. У снежні 2018 года борт набыў ліўрэю ў колерах кампаніі Wargaming з вядомым сілуэтам зубра на фюзеляжы.

3 лістапада 2023 года генеральны дырэктар нацыянальнага авіяперавозчыка Ігар Чаргінец заявіў, што планы па мадэрнізацыі флоту самалётаў авіякампаніі “Белавія” былі парушаныя з-за ўвядзення заходніх санкцый.

Паводле яго слоў, у авіяпарку кампаніі 13 самалётаў, сярэдні ўзрост якіх на той момант складаў 11,2 года (да ўвядзення санкцый самалётаў было 26).

Чаргінец адзначыў, што беларускаму авіяперавозчыку “замоўлены шлях у Boeing, Embraer, і да іншых вытворцаў”.

“Белавія” ўключылі ў пяты пакет санкцый Еўрасаюза супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

20 снежня 2021 года стала вядома, што “Белавія” вярнула тры самалёты Embraer E195-E2 ірландскаму лізінгадаўцу AerCap.

Падзяліцца: