Мінск 11:47

Латушка дапускае, што грамадзянства пазбаўлены ён ці Ціханоўская

Беларускі пашпарт з гербам "Пагоня" (дзяржаўны сімвал да 1995 года).
Ілюстрацыйнае фота: meshok.net

7 чэрвеня, Позірк. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка дапускае, што першым пазбаўленым беларускага грамадзянства за “экстрэмізм” можа быць ён сам альбо дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Пытанне, хто першы: Ціханоўская або Латушка, а, можа і [сузаснавальнік BySol Андрэй] Стрыжак сам?” — заявіў ён 6 чэрвеня на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Любліне, адказваючы на пытанне “Позірку”.

“Ну, цікава. Зараз даведаемся, я думаю, хутка”, — дадаў палітык.

“Што там Лукашэнка пазбавіць грамадзянства… У мяне яшчэ ёсць пашпарт з “Пагоняй”. Дыпламатычны пашпарт — цікава, што з”Пагоняй”. Рарытэтны экзэмпляр — нават не адзін, а два. Хоць пазбаўляй мяне, хоць не пазбаўляй — я грамадзянін Беларусі і буду ім да канца жыцця. І варыянтаў няма іншых”, — сказаў экс-дыпламат.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа перастаць прызнаваць прадстаўнікоў дэмсіл “на тэрыторыі Беларусі грамадзянамі”, падкрэсліў кіраўнік НАУ.

“А што гэта мяняе? Сёння я магу пайсці ў амбасаду атрымаць пашпарт? Не. Падоўжыць [тэрмін дзеяння пашпарта] магу? Не. Ён разашле па свеце гэтую інфармацыю?” — адзначыў Латушка.

Пра тое, што зафіксаваны выпадак пазбаўлення актывіста беларускага грамадзянства, напісаў напярэдадні на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак.

“Маем першае пазбаўленне грамадзянства за грамадска-палітычны актывізм. Новая рэпрэсіўная практыка, якую мы доўга чакалі”, — паведаміў ён.

Актывіст адмовіўся паведамляць “Позірку” падрабязнасці: “Персону мы не раскрываем”.

11 ліпеня 2023 года ўступілі ў сілу змены ў закон “аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”. Карэкціроўкі сярод іншага дазваляюць уладам пазбаўляць Грамадзянства, набытага па праве нараджэння, асоб, якія асуджаныя за “экстрэмізм” і хаваюцца ад адбыцця пакарання.

Артыкул 10 Канстытуцыі абвяшчае, што” ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства”, але “набыццё і спыненне грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам”. Распрацоўшчыкі змяненняў у закон, каб абыйсці гэтую канстытуцыйную норму, выкарыстоўвалі тэрмін “страта грамадзянства”.

У Беларусі Латушка завочна асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі, Ціханоўская — на 15 гадоў.

Указ ад 4 верасня мінулага года “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў” забараніў атрымліваць новыя пашпарты і падаўжаць тэрміны дзеяння старых ў дыпламатычных прадстаўніцтвах за мяжой.

Падзяліцца: