Мінск 05:16

Рада нацбяспекі і ўрад Польшчы правядуць пасяджэнні на мяжы з Беларуссю

Беласток
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 чэрвеня, Позірк. Запланаванае на 10 чэрвеня пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі (РНБ) Польшчы па сітуацыі на польска-беларускай мяжы пройдзе ў Беластоку, які знаходзіцца за 54 км ад мяжы з Беларуссю. Пра месца сустрэчы паведаміла інфармагенцтва РАР, адзначыўшы, што перад пасяджэннем РНБ у гэтым горадзе збярэцца ўрад Польшчы.

Маршал Сейма Шыман Галоўня паведаміў, што ў Беластоку таксама пройдзе арганізаваны з яго ініцыятывы саміт спікераў парламентаў Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Украіны. На яго думку, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін будзе ўсімі метадамі “ўзмацняць ціск” падчас фармавання большасці ў Еўрапарламенце (выбары адбыліся 6–9 чэрвеня), складу еўрапейскіх інстытутаў і Еўрапейскай камісіі, таму на пасяджэнні РНБ “трэба казаць пра бяспеку ў доўгатэрміновай перспектыве”.

РНБ з’яўляецца дарадчым органам прэзідэнта Польшчы па пытаннях унутранай і знешняй дзяржаўнай бяспекі. У яго склад уваходзяць спікеры Сейма і Сената, прэм’ер-міністр, кіраўнікі міністэрстваў — замежных спраў, нацыянальнай абароны, унутраных спраў і адміністрацыі, а таксама міністр — каардынатар спецслужбаў. Членамі РНБ таксама з’яўляюцца кіраўнікі прадстаўленых у парламенце палітычных партый ці іх фракцый, адміністрацыі прэзідэнта і Бюро нацыянальнай бяспекі (БНБ).

Партал TVP Info паведаміў 7 чэрвеня, што прэм’ер-міністр Дональд Туск накіраваў прэзідэнту ліст з просьбай запрасіць на пасяджэнне міністра юстыцыі — генеральнага пракурора Адама Боднара, каб абмеркаваць пытанне звальнення намесніка генпракурора па ваенных пытаннях Томаша Янечака. Туск лічыць яго адказным за скандал, звязаны з выстаўленымі траім вайскоўцам абвінавачаннямі ў перавышэнні паўнамоцтваў і стварэнні пагрозы жыццю і здароўю мігрантаў праз папераджальныя стрэлы на мяжы з Беларуссю.

Пра скліканне Дудам паседжання РНБ стала вядома 6 чэрвеня. Паводле інфармацыі БНБ, на ім абмяркуюць сітуацыю і апошнія падзеі на польска-беларускай мяжы, а таксама ініцыяваны прэзідэнтам законапраект аб дзейнасці органаў улады ў выпадку пагрозы дзяржаўнай бяспецы, які зараз разглядае Сейм.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, Сітак зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

За некалькі гадзін да нападзення на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі. Аднаго з іх ударылі пабітай бутэлькай, ён атрымаў траўмы твару, на іншага памежніка напалі з палкай, да якой быў прымацаваны нож. Абодвум спатрэбілася дапамога медыкаў.

На фоне гэтых здарэнняў Польшча скіравала на мяжу дадатковыя сілы. 29 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю. Меркавалася, што яе вернуць 4 чэрвеня, але пасля было заяўлена, што спачатку гэтае пытанне абмяркуюць з мясцовымі ўладамі.

Пра напады мігрантаў на польскіх памежнікаў і вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю таксама паведамлялася напрыканцы траўня і на пачатку чэрвеня.

Падзяліцца: