Мінск 13:11

МАЗ у траўні прадаў у РФ на 13,4% менш новых грузавікоў, чым год таму

Ілюстратыўнае фота: maz.ru

12 чэрвеня, Позірк. У траўні на расійскім рынку быў прададзены 451 новы грузавік Мінскага аўтамабільнага завода — на 13,4% менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (521), гаворыцца ў даследаванні “АСМ-холдынг” (РФ).

За пяць месяцаў беларускае прадпрыемства рэалізавала 2.329 адзінак гэтай тэхнікі (2.521; -7,6%).

Прадукцыя Мінскага аўтазавода ў мінулым месяцы заняла 7-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расіі, канстатавалі эксперты. Доля на рынку склала 4,7%.

Пяцёрку лідэраў продажаў узначаліў расійскі КамАЗ (1.812; -36,5% да ўзроўню продажаў у траўні 2023-га). Далей ідуць чатыры кітайскія вытворцы: SITRAK (1.260; -39,4%), Shaanxi (1.087; -24,2%), FAW (976; -6,2%) і Dongfeng (700; рост у 2,5 разы).

Толькі дзве мадэлі беларускага завода патрапілі ў рэйтынг 25 самых папулярных на рынку РФ: “6312 6X4” (20-е), “5340 4X2” (23-е).

У 2023 годзе МАЗ прадаў 6.406 новых грузавікоў — на 45,9% больш, чым за 2022-ы (4.391).

На нарадзе па развіццю прамысловасці 9 красавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці”. “Доля нашых грузавых аўтамабіляў [на расійскім рынку] знізілася — да 6%”, — звярнуў увагу ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што пры рэалізацыі ў РФ па схеме “вытворца — генеральны імпарцёр — дыстрыб’ютар — дылер — канчатковы спажывец” кошт грузавой і пасажырскай тэхнікі МАЗа ўзрастае — на 20%.

15 чэрвеня 2023 года першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Саюзнай дзяржавы “мае патрэбу ў аператыўным прыняцці спецыяльных ахоўных мер з-за актыўнай экспансіі кітайскіх вытворцаў”.

“Гаворка не проста пра павышэнне імпартных пошлін, тут палі для манеўру амаль няма. Я маю на ўвазе антыдэмпінгавыя і спецабаронныя меры”, — сказаў Снапкоў.

Паводле яго слоў, экспансія ўсходніх партнёраў на беларускім і расійскім рынках аўтамабільнай грузавой тэхнікі “відавочная”, а дынаміка іх продажаў “палохальная”.

Падзяліцца: