Мінск 03:41

Продажы аўтобусаў МАЗ у Расіі ўпалі ў 20 разоў

Фота: МАЗ

12 чэрвеня, Позірк. У траўні 2024 года на расійскім рынку прададзена ўсяго 8 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — у 19,9 раза менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (159), сведчаць звесткі агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

За пяць месяцаў рэалізавана 280 адзінак гэтай тэхнікі (522). Падзенне ўзроўню продажаў у гадавым выражэнні склала 46,7%.

Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 6-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынка Расіі, канстатавалі эксперты. Доля на рынку склала 0,6%.

Лідарамі продажаў у траўні сталі расійскія ПАЗ (587; +22,3% у гадавым вымярэнні), ЛіАЗ (165; -28,6%), “Нефаз” (57; -72,3%).

За 2023 год беларускім прадпрыемствам было рэалізавана 925 адзінак гэтага віду транспарту — на 11,1% менш, чым у 2022-м (1.040). Па выніках 2023-га, як і годам раней, МАЗ заняў 6-е месца ў адпаведным сегменце аўтарынка Расіі.

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзеленыя. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш за 30% патрэбных аб’ёмаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе па развіцці прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці”.

У Санкт-Пецярбургу 3 студзеня загарэўся аўтобус, выраблены на мінскім аўтазаводзе. Паводле інфармацыі медыя “Фантанка”, ён належаў кампаніі “Домтрансаўта”.

Паволе даных расійскіх СМІ, у гэтым горадзе летась загарэлася не менш за 9 аўтобусаў беларускай вытворчасці. Годам раней зафіксавана 8 падобных выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне алею з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але не маючых правераных рэферэнцый”, — растлумачыў чыноўнік.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

МАЗ у траўні прадаў у РФ на 13,4% менш новых грузавікоў, чым год таму

12 чэрвеня, Позірк. У траўні на расійскім рынку быў прададзены 451 новы грузавік Мінскага аўтамабільнага завода — на 13,4% менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (521), гаворыцца ў даследаванні "АСМ-холдынг" (РФ). За пяць месяцаў беларускае прадпрыемства рэалізавала 2.329 адзінак …
Падзяліцца: