Міністрам інфармацыі прызначаны экс-кіраўнік АНТ Маркаў, міністрам працы — Паўлючэнка (дапоўнена)

13 чэрвеня, Позірк. Міністрам інфармацыі прызначаны Марат Маркаў, які дагэтуль узначальваў праўленне ЗАТ “Другі нацыянальны канал”. Адпаведнае рашэнне 13 чэрвеня прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.
Месца Маркава на тэлеканале АНТ зойме Ігар Луцкі — былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а цяпер член Савета Рэспублікі.
БІЯГРАФІЯ МАРКАВА
Маркаў нарадзіўся ў 1969 у Лунінцы (Брэсцкая вобласць). У 1991 годзе скончыў Мінскую вышэйшую інжынерную зенітна ракетную вучэльню супрацьпаветранай абароны, пасля чаго служыў на розных вайсковых пасадах, у тым ліку ў Ваеннай акадэміі. У 1998 годзе скончыў навучанне ў БДУ па спецыяльнасці “правазнаўства”, у 2013-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці “дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай”.
У 2003–2011 гадах працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта (апошнія тры гады — начальнікам упраўлення па каардынацыі ідэалагічнай працы галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення). У 2011–2017 гадах быў намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі, пасля гэтага да прызначэння на міністэрскую пасаду ўзначальваў тэлеканал АНТ.
Міністрам працы і сацыяльнай абароны стала Наталля Паўлючэнка, якая раней займала пасаду першага намесніка кіраўніка гэтага ведамства.
БІЯГРАФІЯ ПАЎЛЮЧЭНКА
Наталля Паўлючэнка нарадзілася ў 1977 годзе ў Жодзіне (Мінская вобласць). Пасля заканчэння Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання ў 1998 годзе (спецыяльнасць — “фінансы і крэдыт”) працавала ў родным горадзе падатковым інспектарам.
У 2002–2004 гадах была эканамістам у Мінскім райвыканкаме, у 2004–2006 гадах — у адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. У 2006–2017 гадах працавала на розных пасадах у Мінаблвыканкаме, у 2017–2021 гадах узначальвала Фонд сацабароны насельніцтва, пасля была першым намеснікам міністра працы і сацабароны.
Пасада міністра інфармацыі была вакантнай з 8 красавіка, калі Лукашэнка прызначыў займаўшага яе Уладзіміра Пярцова намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Былая міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч была вызваленая ад пасады 29 сакавіка ў сувязі з пераходам у новы склад Палаты прадстаўнікоў, дзе яна цяпер узначальвае камісію па працы і сацыяльных пытаннях.
13 чэрвеня Лукашэнка таксама прызначыў або даў згоду на прызначэнне шэрагу іншых чыноўнікаў і дыпламатаў.
Сяргей Малуноў стаў амбасадарам Беларусі ў Кыргызстане, Аляксандр Кохан — памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Мінскай вобласці, цяпер ужо былы намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі — рэктарам Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.
Узгоднена прызначэнне старшынёй Баранавіцкага райвыканкама (Брэсцкая вобласць) Рамана Жука, Маларыцкага (Брэсцкая вобласць) — Аляксандра Каржа, Расонскага (Віцебская вобласць) — Аляксея Гарбуля; намеснікам старшыні Мінгарвыканкама — Андрэя Стрыгельскага; кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна Мінска — Уладзіміра Шыбекі, Цэнтральнага раёна — Валерыя Вараніцкага, Партызанскага раёна — Мікалая Палякова.
На пасаду намесніка міністра прамысловасці ўзгоднены Андрэй Кузняцоў, генеральнага консула ў Дубаі (ААЭ) — Аляксей Жалдыбін, генконсула ў Санкт-Пецярбургу (РФ) — Мікалай Рагожнік.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ Латвіі зафіксаваная рэкордная ў 2026 годзе сутачная колькасць спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ГрамадстваПрадстаўнік Міністэрства аховы здароўя заявіла аб высокім працэнце выяўляльнасці рака на ранніх стадыях пры дыспансерызацыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка13 сакавіка Польшча зафіксавала 13 спробаў нелегальнай міграцыі з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- ГрамадстваМінулым днём тэмпературныя рэкорды зафіксаваныя ў Мінску і чатырох абласных цэнтрах (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка

