Мінск 11:37

Пазыкі прадпрыемстваў за месяц выраслі на 500 млн рублёў

Ілюстрацыйнае фота: bsc.by

14 чэрвеня, Позірк. У студзені — красавіку 2024 года рэнтабельнасць рэалізаванай прадпрыемствамі прадукцыі склала 7,9% (месяц таму — 7,5%; +0,4 працэнтнага пункта), рэнтабельнасць продажаў — 6,6% (6,3%; +0,3 п .п.), паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Дэбіторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемству) на 1 траўня вырасла да 71,6 млрд рублёў (месяцам раней — 69,8 млрд; +2,6%), у тым ліку пратэрмінаваная — 10 млрд (9 млрд; +11,1%).

Крэдыторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемства) вырасла за месяц на 0,5 млрд рублёў і склала 83,9 млрд (83,4 млрд; +0,6%), у тым ліку пратэрмінаваная — 10 млрд (за месяц не змянілася).

3 кастрычніка 2023 года на нарадзе па продажах айчыннай прадукцыі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для беларускай эканомікі “пытаннем пытанняў” з’яўляецца дэбіторская запазычанасць. “Па “дэбіторцы”, я сказаў, ніякіх спасылак [не павінна быць] на тое, што недзе плацяжы не ідуць, яшчэ нешта”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у Нацбанку і “спадарожных структурах” працуе “не адна тысяча” супрацоўнікаў. “Таму давайце разам з урадам займайцеся і пачынайце працаваць, калі можаце. А на гэтую тэму, зноў жа, больш размоў быць не можа”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Сёлета 9 красавіка на нарадзе аб развіцці прамысловасці ён канстатаваў, што не выкананыя яго патрабаванні па скарачэнні знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, якая за 2023 год вырасла больш як на 10%.

Паводле даных Нацыянальнага банка, запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 траўня 2024 года склала 53 млрд 331,9 млн рублёў.

Актуальная сума доўгу на 3,7% большая, чым было на 1 студзеня 2024 года (52 млрд 394,8 млн), і на 14,1% перавышае запазычанасць, зафіксаваную 1 траўня 2023-га (46 млрд 758,7 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах склала 166,4 млн рублёў (рост на 22,7% у гадавым вымярэнні; ад пачатку года скарачэнне на 21,9%).

Падзяліцца: