Мінск 15:35

Ціханоўская заявіла аб жаданні наведаць Арменію, калі “будзе гатоўнасць з боку яе ўрада”

Скрыншот відэа

22 чэрвеня, Позірк. Надзею на ўмацаванне адносін беларускіх дэмакратычных сіл з Арменіяй выказала дэмлідар Святлана Ціханоўская ў відэаінтэрв’ю армянскаму парталу 1in.am.

Адначасова палітык разлічвае на спыненне супрацоўніцтва Ерэвана з афіцыйным Мінскам.

Ціханоўская выказалася за “партнёрства з парламентам Арменіі” і стварэнне ў ім “групы супрацоўніцтва са свабоднай Беларуссю” па аналогіі з еўрапейскімі краінамі.

Паводле слоў дэмдылара, трэба развіваць адносіны “паміж беларускай і армянскай грамадзянскай супольнасцю”, таму што “шмат беларусаў выехала ў Арменію” як у краіну, якая не патрабуе візы.

“Спадзяюся, што Арменія дазволіць ім бяспечна заставацца на сваёй тэрыторыі, — сказала яна. — Нам ёсць чым дзяліцца і важна разам думаць над будучыняй нашых народаў. <…> Мы гатовы развіваць супрацоўніцтва і на экспертным узроўні, і паміж аналітычнымі цэнтрамі, і паміж грамадзянскай супольнасцю”.

“Я з задавальненнем наведаю Арменію, калі будзе гатоўнасць з боку армянскага кіраўніцтва, — адзначыла Ціханоўская. — Я падтрымліваю армянскі народ у вашым імкненні да еўрапейскай будучыні і свабоды. Думаю, што як сустрэчы, так і магчымыя візіты толькі ўмацуюць нашыя адносіны”.

Паводле слоў палітыка, калі “раней у Арменіі была ілюзія, што з [Аляксандрам] Лукашэнкам можна мець адносіны і прагматычны падыход да Беларусі”, цяпер “усім стала відавочна”, што ён “не можа быць партнёрам і дакладна не з’яўляецца саюзнікам Арменіі”.

Беларускі і армянскі народы “заслугоўваюць Еўрапейскай дэмакратычнай будучыні”, лічыць Ціханоўская.

“За сваю свабоду нашы народы заплацілі і працягваюць плаціць вялікую цану <…>, але зараз, напэўна, не час мераць, каму больш балюча, каму складаней, а проста пры магчымасці аб’ядноўвацца, больш даведвацца адзін пра аднаго, — адзначыла экс-кандыдат у прэзідэнты. — Трэба зрабіць усё магчымае, каб у нас была магчымасць спакойна сябраваць на ўзроўні нацый і на ўзроўні палітычным”.

Для гэтага, падкрэсліла яна, краіны павінны “стаць свабоднымі ад пракрамлёўскага ярма”.

20 чэрвеня ў Вільнюсе Ціханоўская абмеркавала палітычную сітуацыю ў Беларусі з міністрам замежных спраў Арменіі Араратам Мірзаянам.

Гэта другая сустрэча палітыкаў. 5 кастрычніка 2023 года на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў іспанскай Гранадзе дэмлідар перадала словы падтрымкі армянскаму народу ў сувязі з тагачаснай сітуацыяй у Нагорным Карабаху падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Нікалам Пашынянам і Мірзаянам.

2 чэрвеня, выступаючы перад парламентам, прэм’ер-міністр Нікол Пашынян заявіў аб магчымым выхадзе Арменіі з АДКБ.

Пасля сустрэчы Ціханоўскай з кіраўніком МЗС Арменіі Мінск перадаў Ерэвану ноту, яе змест не раскрываецца

21 чэрвеня, Позірк. "Адпаведная нота МЗС Беларусі" перададзена часоваму паверанаму ў справах Арменіі ў Беларусі Нараку Тыратурану начальнікам упраўлення двухбаковага супрацоўніцтва з краінамі СНД Сяргеем Малуновым 21 чэрвеня. Яе змест не раскрываецца. Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, таксама "закранута гуманітарная …
Падзяліцца: