Мінск 13:03

Лукашэнка памяняў адказнага за тэрытарыяльную абарону

Удзельнікі збораў тэрытарыяльных войскаў у Барысаве
Архіўнае фота: "Мінская праўда"

24 чэрвеня, Позірк. Начальнікам упраўлення тэрытарыяльнай абароны — намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл (УС) прызначаны палкоўнік Андрэй Краўчанка. Адпаведнае рашэнне 24 чэрвеня прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Раней Краўчанка быў першым намеснікам начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба.

Яго папярэднік на пасадзе адказнага за тэраабарону — Дзмітрый Страшынскі — прызначаны начальнікам галоўнай вайсковай інспекцыі УС. Адметна, што Страшынскі загадваў тэрабаронай менш за год — з 22 жніўня 2023 года.

24 чэрвеня Лукашэнка таксама надаў званне генерал-маёра шэрагу военачальнікаў — намесніку камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Ігару Казлову, начальніку ракетных войскаў і артылерыі УС Руслану Чэхаву, начальніку 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (вайсковы гарадок Печы ў Барысаве, Мінская вобласць) Вадзіму Сураву.

Аналагічнае званне нададзена першаму намесніку камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Аляксандру Быкаву; адмысловае званне генерал-маёра ўнутранай службы — намесніку кіраўніка МНС Сяргею Салановічу, генерал-маёра юстыцыі — намесніку старшыні Дзяржкамітэта судовых экспертыз Аляксею Аляшкевічу, персанальнае званне дзяржаўнага дарадцы мытнай службы ІІІ рангу — начальніку Гомельскай мытні Андрэю Місючэнку.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама ваеннымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Падзяліцца: