Мінск 14:16

Латушка анансаваў супрацоўніцтва Каардынацыйнай рады з ПАСЕ

Скрыншот: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

27 чэрвеня, Позірк. Фармаванне сталай дэлегацыі Каардынацыйнай рады для супрацоўніцтва з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы (ПАСЕ) стане “моцным крокам у прызнанні важнасці” КР, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на сустрэчы з генеральным сакратаром гэтай еўрапейскай структуры Дэспіёнай Хадзівасіліу-Цавіліс.

Палітык, які з’яўляецца ў Каардынацыйнай радзе адным з лідараў кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”, паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што праінфармаваў генеральнага сакратара ПАСЕ аб выбарах у КР і “рэпрэсіях супраць удзельнікаў выбарчага працэсу”.

Ён таксама падкрэсліў “важнасць шырокага прадстаўніцтва ўсіх абраных спісаў КР у супрацоўніцтве з ПАСЕ”.

Хадзівасіліу-Цавіліс у сваю чаргу “выказала падтрымку ўсім беларусам, якія працягваюць змагацца за дэмакратыю і свабоду ў краіне”, а таксама паведаміла аб распачатай “рэалізацыі палітычнага рашэння ПАСЕ аб забеспячэнні ўдзелу дэлегацыі КР у працы пастаянных камітэтаў [асамблеі]”.

“Латушка звярнуўся з просьбай да генеральнага сакратара ПАСЕ аб прадастаўленні магчымасці прадставіць дэпутатам асамблеі інфармацыю аб злачынствах супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі, а таксама аб ваенных злачынствах, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь і падыходах да прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці. Асобна была закранутая праца ПАСЕ па стварэнні трыбунала па факце агрэсіі ў дачыненні да Украіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

25 чэрвеня падчас выступу на пасяджэнні ПАСЕ ў Страсбургу міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што літоўскія ўлады “будуць рады” размясціць у Вільнюсе “інфармацыйны пункт Савета Еўропы па Беларусі”.

Паводле яго слоў, такое рашэнне адпавядае палітыцы Літвы, якая аказвае пастаянную падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і праваабаронцам з Беларусі.

Аб працы над адкрыццём інфармацыйнага пункта СЕ па Беларусі ў Вільнюсе, што “дапаможа яшчэ больш умацаваць” супрацоўніцтва дэмсіл і арганізацыі, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з генеральным сакратаром СЕ Марыяй Пейчынавіч-Бурыч 19 чэрвеня ў Вільнюсе.

ПАСЕ — кансультатыўны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парламентаў усіх дзяржаў-членаў, з’яўляецца найстарэйшым у Еўропе органам міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

16 верасня 1992 года асамблея прысвоіла статус “спецыяльна запрошанага” Вярхоўнаму савету Беларусі 12-га склікання.

12 сакавіка 1993 года Мінск падаў заяўку на ўступленне ў Савет Еўропы, аднак у студзені 1997-га пасля правядзення ў Беларусі рэферэндуму (24 лістапада 1996-га) аб змене Канстытуцыі бюро ПАСЕ прыпыніла статус новага двухпалатнага парламента — Нацыянальнага сходу. Пасля гэтага разгляд заяўкі быў адкладзены.

Да развязвання Расіяй вайны ва Украіне Беларусь з’яўлялася адзінай еўрапейскай дзяржавай (за выключэннем Косава, незалежнасць якой прызналі 100 з 193 дзяржаў — членаў ААН), якая не ўваходзіла ў склад Савета Еўропы. 28 лютага 2023 года быў прыняты закон “Аб спыненні дзеяння ў дачыненні да Расійскай Федэрацыі міжнародных дагавораў Савета Еўропы”.

Падзяліцца: