Мінск 13:05

Памежная служба Польшчы заявіла пра выратаванне 80 мігрантаў на мяжы з Беларуссю

21 верасня, Позірк. З пачатку міграцыйнага крызісу супрацоўнікі Памежнай службы Польшчы выратавалі 80 чалавек на мяжы з Беларуссю, паведаміла прэс-служба ведамства.

Адзначаецца, што пры гэтым польскія памежнікі рызыкавалі жыццём і здароўем, разам з тым “дзякуючы хуткім і эфектыўным дзеянням жанчыны-мігранты і іх дзеці, народжаныя ў Польшчы, дагэтуль жывыя”.

Памежная служба прывяла некалькі прыкладаў выратавання мігрантаў.

Паведамляецца, што ў кастрычніку 2021 года была аказана дапамога грамадзянцы Конга, якую “кур’еры перавезлі разам з 13 іншымі замежнікамі”. Памежнікі аператыўна даставілі жанчыну ў бальніцу, дзе яна нарадзіла здаровую дачку.

Пазней у памежным лесе была знойдзена грамадзянка Ірака з нованароджаным, іх хутка даставілі ў медустанову. Таксама восенню 2021 года дзякуючы дапамозе супрацоўнікаў Памежнай аховы цяжарная з Ірака была транспартавана ў бальніцу, дзе нарадзіла здаровае дзіця.

Паводле сцвярджэння Памежнай аховы, згаданыя жанчыны заявілі аб жаданні застацца ў Польшчы і падалі заявы аб прадастаўленні міжнароднай абароны.

Дзяржпагранкамітэт Беларусі неаднаразова паведамляў аб выяўленні ў прыгранічных раёнах цел мігрантаў, ускладаючы адказнасць за іх гібель на краіны Еўрасаюза. З пачатку года беларускія памежнікі заявілі аб выяўленні целаў 17 нелегальных мігрантаў, у тым ліку на мяжы з Польшчай — 8.

Беларускі бок сцвярджае, што людзі загінулі “праз дзеянні сумежных краін ЕС, якія пазбавілі іх права на прытулак і абарону”. “Жорсткасць і гвалт з боку сілавікоў сумежных “еўрапейскіх” дзяржаў вымушаюць людзей, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, выбіраць небяспечныя маршруты для перасячэння знешняй мяжы ЕС”, — лічыць ведамства.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасля таго як Вільнюс прыняў рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, патокі нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Украіне ў лютым 2022 года міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасля зноў выраслі. Самы папулярны кірунак, як сведчыць статыстыка, — польскі. Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеянні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Падзяліцца: