Мінск 00:51

Каардынацыйная рада і ПАСЕ могуць усталяваць сталыя стасункі

Архіўнае фота: "Белсат"

28 чэрвеня, Позірк. Прапрацоўваецца “беспрэцэдэнтнае рашэнне” па ўсталяванні сталых стасункаў паміж Каардынацыйнай радай (КР) трэцяга складу і Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы (ПАСЕ), паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) са спасылкай на выканаўцу абавязкаў прадстаўніка АПК па замежных справах Уладзіміра Астапенку.

“Чакаецца, што да ўдзелу ў працоўных органах ПАСЕ ў хуткім часе будзе запрошаная дэлегацыя дэмакратычных сіл, а не дзяржаўнага органа, — паведаміў палітык пасля чарговага пасяджэння ў Страсбургу кантактнай групы Савета Еўропы і беларускіх дэмсіл. — Гэта значыць, што Савет Еўропы верыць у альтэрнатыву рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі, які яшчэ больш ізалюецца, а ў нас з’яўляюцца новыя магчымасці, каб сумесна з партнёрамі крочыць да дэмакратычнай будучыні нашай краіны”.

Напярэдадні сустрэчы, адзначыў Астапенка, Камітэт міністраў Савета Еўропы (СЕ) “падкрэсліў прыярытэтнасць і неабходнасць умацавання ўзаемадзеяння” праз згаданую кантактную групу. З гэтага ён зрабіў выснову, што “беларуская тэма застаецца актыўна прадстаўленай у еўрапейскім парадку дня”.

Паводле слоў палітыка, на пасяджэнні працавала дэлегацыя СЕ ў складзе 19 чалавек “на ўзроўні кіраўнікоў дзевяці структур сакратарыята”, а раней “прадстаўніцтва было больш сціплым”. “Гэта падкрэслівае важнасць, якую надае Савет Еўропы развіццю кантактаў з дэмакратычнымі структурамі Беларусі”, — падкрэсліў в.а. прадстаўніка АПК па замежных справах.

На сустрэчы, паводле слоў Астапенкі, абмяркоўвалася праграма сумесных дзеянняў на найбліжэйшыя два гады: “Савет Еўропы перайшоў з намі на сярэднетэрміновае планаванне, што пашырае магчымасці для супрацы”. 

Згодна з інфармацыяй палітыка, цяпер вядзецца “грунтоўная праца па перакладзе нарматыўных дакументаў” СЕ на беларускую мову. На яго думку, вынікі гэтай працы спатрэбяцца “будучаму дэмакратычнаму парламенту, калi Беларусь закрые “чорную дзіру” на карце Еўропы і далучыцца да гэтай аўтарытэтнай арганізацыi”.

Дэлегацыя беларускіх дэмсіл на сустрэчы складалася з прадстаўнікоў офіса Святланы Ціханоўскай, АПК, КР, праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці. 

Кантактная група СЕ па Беларусі дзейнічае з лістапада 2022 года.

Летась у кастрычніку СЕ надаў дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.

Падзяліцца:
be