Мінск 13:31

Дзяржпагранкамітэт заявіў пра актывізацыю ўкраінскай выведкі і знаходжанне байцоў РДК паблізу Беларусі

Скрыншот: відэазапіс Дзяржпагранкамітэта

28 чэрвеня, Позірк. Пра знаходжанне “падраздзяленняў так званага “Рускага добраахвотніцкага корпуса” (РДК) у паласе адказнасці Жытомірскага пагранічнага атрада ва Украіне (тэрыторыя мяжуе з Гомельскай вобласцю) заявіў 28 чэрвеня Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі.

“Зафіксаваныя рэкагнасцыроўка мясцовасці і актыўная выведніцкая дзейнасць, у тым ліку з выхадам да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле сцвярджэння беларускага пагранведамства, “уздоўж мяжы рэгулярна адзначаюцца выведніцкія палёты ўкраінскіх беспілотных лятучых апаратаў”, спробы залёту беспілотнікаў “спыняюцца з выкарыстаннем штатнага ўзбраення і тэхнічных сродкаў радыёэлектроннай барацьбы”.

“26 чэрвеня ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці пагранічны нарад ад пагранічнай заставы Мазырскага пагранатрада ў выніку выкарыстання баявой зброі і сродкаў падаўлення спыніў парушэнне паветранай прасторы квадракоптарам, які рухаўся з украінскай тэрыторыі ўглыб Рэспублікі Беларусь, — заявіў Дзяржпагранкамітэт. — Беспілотны лятучы апарат быў прымушаны да пасадкі ў 150 метрах ад дзяржаўнай мяжы. На флэш-карце БПЛА выяўленыя відэафайлы, аналіз якіх сведчыць, што лятучы апарат рабіў выведку прамысловых аб’ектаў, якія знаходзяцца на прыгранічнай тэрыторыі, а таксама пагранічнай інфраструктуры”.

Напярэдадні здарэння, як сцвярджаецца, на тым жа напрамку “ў ходзе правядзення аператыўных мерапрыемстваў выяўлена схованка (сховішча) з кампанентамі для вырабу самаробных выбуховых прылад”. Заяўлена пра выяўленне кантэйнераў з “2 кг пластычнага выбуховага рэчыва, выканаўчымі прыладамі-узрывальнікамі з запаламі і дэтанатарамі да іх”.

“Органамі пагранічнай службы ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам абароны ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па дадатковым прыкрыцці дзяржаўнай мяжы, узмацненні кантролю за паветранай прасторай і захаванні рэжыму на прыгранічнай тэрыторыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

РДК — вайсковае фарміраванне, у якое ўваходзяць у асноўным грамадзяне Расіі, што ваююць на баку Украіны. Некалькі разоў ажыццяўлялі паспяховыя вылазкі на тэрыторыю РФ, праводзілі там баявыя дзеянні.

20 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраенне. На наступны дзень Мінабароны абвясціла пра раптоўную праверку войскаў з выхадам вайсковых часцей і падраздзяленняў на палігоны і ўчасткі мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны назваў дзеянні Беларусі актывізацыяй інфармацыйнай кампаніі па нагнятанні напружанасці на мяжы. Спікер украінскай памежнай службы Андрэй Дземчанка заявіў, што праверка пакуль не ўяўляе пагрозы для Украіны.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: