Мінск 18:57

За паўгода колькасць легалізаваных у Польшчы беларусаў вырасла на 10% і дасягнула 131,3 тыс.

Ілюстрацыйнае фота: Natalia Gasiorowska / unsplash.com

1 ліпеня, Позірк. На канец траўня з дзейнымі дазволамі ў Польшчы пражывала 131.318 грамадзян Беларусі.

Паводле інфармацыі супольнасць “Беларусы ў Польшчы”, якая спасылаецца на даныя польскага Упраўлення па справах замежнікаў, на канец 2023 года іх было каля 119.000. Такім чынам, за паўгода колькасць легалізаваных у Польшчы беларусаў вырасла на 10% (са жніўня 2020-га, калі было каля 28.000, павялічылася ў 4,7 раза).

На 31 траўня 2024 года часовы дазвол на жыхарства быў у 79.149 грамадзян Беларусі, сталы — у 41.886, дадатковая абарона — у 7.495, карта рэзідэнта ЕС — у 1.331, часовая абарона — у 629, статус уцекача — у 670.

Ад пачатку гэтага года прынята 24.214 заяў на легалізацыю (Мазавецкае ваяводства — 9.264, Падляскае — 3.946, Вялікапольскае — 2.099, Малапольскае — 1.662, Паморскае — 1.621).

У студзені — красавіку прынята 23.409 рашэнняў аб легалізацыі, у тым ліку станоўчых 20.238, адмоўных — 2.531, спынена спраў — 640.

“Пераважная большасць беларусаў атрымлівае часовы дазвол на жыхарства, звязаны з працай — 58%. З іншых абставін — 24%, [у сувязі] з уз’яднаннем сям’і — 16%, з прычыны навучання — толькі 2%”, — адзначае згаданая супольнасць.

Больш за ўсё легалізаваных беларусаў — каля 48.000 — пражывае ў Мазавецкім ваяводстве. Для параўнання: у Падляскім ваяводстве — каля 15.000, Паморскім — 11.500, Вялікапольскім — 10.000, Ніжнесілезскім — 9.700, Малапольскім — 9.500.

“У асноўным гэта моладзь ва ўзросце 18–34 гадоў. Паводле гендарнай прыкметы: мужчыны — 58%, жанчыны — 42%”, — гаворыцца ў паведамленні.

З 9 жніўня 2020 года па 31 траўня 2024 года хадайнічалі аб наданні міжнароднай абароны 11.096 беларускіх грамадзян. За гэты перыяд прынята 9.304 рашэнні, у тым ліку станоўчых — 8.970 (міжнародная абарона — 8.322, статус уцекача — 648), адмоўных — 126 (у тым ліку 45 у 2024 годзе), спынена спраў — 208.

Падзяліцца: