Мінск 10:28

Дзелавы стыль адзення ў школе плануюць замацаваць заканадаўча

Крыніца: "Светлы шлях"

2 ліпеня, Позірк. Праект закона “Аб змене законаў па пытаннях адукацыі” прадугледжвае замацаванне патрабавання аб нашэнні навучэнцамі школ адзення дзелавога стылю, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС)

Праект унесены ў парламент Саветам міністраў 18 чэрвеня 2024 года, рыхтуецца да першага чытання.

Прадугледжваецца комплексная карэкціроўка Кодэкса аб адукацыі “з улікам правапрымяняльнай практыкі і неабходнасці ўрэгулявання актуальных пытанняў у сферы адукацыі”, гаворыцца ў рэлізе.

Таксама ўраду плануюць даць паўнамоцтвы вызначаць выпадкі пераразмеркавання і перанакіравання на працу выпускнікоў, маладых спецыялістаў, маладых працоўных (служачых), не ўсталяваныя Кодэксам.

Выключаецца “магчымасць рэалізацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі адукацыйных праграм дашкольнай і спецыяльнай адукацыі”.

Мясцовыя органы ўлады змогуць арганізоўваць бясплатную перавозку навучэнцаў устаноў адукацыі, месцаў правядзення мерапрыемстваў. Школы і каледжы, згодна з законапраектам, атрымаюць магчымасць набываць білеты на экскурсіі для навучэнцаў за кошт сродкаў бюджэту.

Акрамя таго, прадугледжана стварэнне новага віду сацыяльна-педагагічнай установы — дзіцячага дома пры манастыры.

Апошняе ўрэгулявана пастановай Міністэрства адукацыі ад 18 красавіка № 44. Яна ўносіць змены ў ведамаснае палажэнне “Аб дзіцячым доме, дзіцячай вёсцы, дзіцячым мястэчку”.

У дакуменце адзначаецца, што пры накіраванні дзяцей у дзіцячы дом пры манастыры “ўлічваецца іх стаўленне да рэлігіі, рэлігійныя традыцыі сем’яў, у якіх выхоўваліся дзеці”. Аб канфесійнай прыналежнасці кляштараў у дакуменце нічога не сказана. Дакумент уступае ў сілу з 6 ліпеня.

Асноўныя палажэнні актуальнага Кодэкса аб адукацыі пачалі дзейнічаць з 1 верасня 2022 года. Сярод уведзеных тады новаўвядзенняў былі абавязковая агульная сярэдняя адукацыя (11 гадоў) замест агульнай базавай (9 гадоў). Новы Кодэкс даў магчымасць падлеткам, якія знаходзяцца ў СІЗА, працягваць навучанне.

Папярэдняя рэдакцыя Кодэкса набыла моц 1 верасня 2011 года. У лютым 2017 года на сайце Мінадукацыі быў апублікаваны праект новага кодэкса, эксперты прапанавалі ўнесці змены ў дакумент. Грамадскі Балонскі камітэт прааналізаваў праект у кантэксце абавязацельстваў, узятых на сябе Беларуссю пасля ўступлення ў Балонскі працэс у 2015 годзе, прадставіў высновы грамадскасці і накіраваў прапановы па змяненні кодэкса ў дзяржорганы. Прапановы не былі ўлічаны.

Падзяліцца: