Мінск 18:11

Савет міністраў ізноў падоўжыў ліцэнзаванне імпарту асобных тавараў з драўніны

Ілюстрацыйнае фота: minsk.pulscen.by

10 ліпеня, Позірк. Савет міністраў Беларусі ў чарговы раз працягнуў на паўгода ліцэнзаванне імпарту асобных тавараў з драўніны, вынікае з пастановы № 482 ад 8 ліпеня.

У дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 10 ліпеня, гаворка ідзе пра пліты — драўнянастружкавых (ДСП), драўнянавалакністых (ДВП), з арыентаванай стружкай (OSB).

У пераліку таксама фігуруюць драўляная мэбля для сталовых і жылых пакояў; вокны, дзверы і іх рамы; кардонкі, скрыні і скрынкі з гафрыраванай паперы або такога ж кардона, папяровыя мяшкі і пакункі.

Разавыя ліцэнзіі на імпарт упаўнаважанае выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на ўзгадненне з Беларускім вытворча-гандлёвым канцэрнам лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці (Беллеспаперапрам).

Дзеянне пастановы не распаўсюджваецца на тавары, якія “перамяшчаюцца ў рамках міжнародных транзітных перавозак, што пачынаюцца і заканчваюцца па-за межамі мытнай тэрыторыі ЕАЭС”, а таксама ў некаторых іншых выпадках, звязаных з дзейнасцю Беларусі ў рамках гэтага аб’яднання.

Не падпадаюць пад ліцэнзаванне тавары, якія “ўвозяцца ў якасці замежнай бязвыплатнай дапамогі; кошт якіх у адпаведнасці з адным транспартным (перавозачным) дакументам не перавышае суму, эквівалентную 200 еўра”.

Ліцэнзаванне асобных відаў тавараў з драўніны было ўведзена 9 верасня 2022 года.

Варта адзначыць, што прадукцыя беларускай лясной галіны знаходзіцца пад санкцыямі праз ўдзел Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

8 сакавіка 2022 года Міжнародны савет дырэктараў FSC (Лясны апякунскі савет — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй) вырашыў прыпыніць сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі. За тыдзень да гэтага ЕС увёў забарону на пастаўкі беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі.

“Драўніна — гэта найкаштоўнейшы рэсурс для нашай краіны. І якія б санкцыі супраць нас ні ўводзілі, драўніны ў свеце недастаткова. Не мыццём, дык катаннем — яе будуць прасіць, купляць. І Еўрапейскі саюз, і паўднёвыя нашы дзяржавы і суседзі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 сакавіка 2022 года на нарадзе з чыноўнікамі.

Юрый Назараў (на той момант віцэ-прэм’ер, з 16 жніўня таго ж года — кіраўнік спраў прэзідэнта), які прысутнічаў на сустрэчы, падкрэсліў, што “санкцыйны ціск вельмі непрыемны”, таму што ён б’е па экспарце, які планаваўся ў аб’ёме 3,2 млрд долараў. .

Ён запэўніў, што Беларусь можа пераарыентаваць частку плыняў на Усход, у тым ліку ў Кітай.

16 сакавіка 2022 года ўрад сваёй пастановай № 140 спрасціў працэдуру экспарту некаторых відаў прадукцыі дрэваапрацоўкі. Было прыпынена патрабаванне па абавязковым біржавым гандлі паліўнай драўніны, піламатэрыялаў (выключэнне ўмовы абавязковага біржавога гандлю дранкай на экспарт), прымяненне мытных пошлін (на дранку і піламатэрыялы — за выключэннем неабрэзных, ДВП, ДСП, OSB, фанеры).

Падзяліцца: