Мінск 16:59

Лукашэнка адобрыў праекты пагадненняў аб мытным супрацоўніцтве з Кубай і Нікарагуа

Крыніца: pexels.com

15 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка адобрыў праекты міжурадавых пагадненняў Беларусі з Кубай і Нікарагуа аб “супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах”, паведамляе яго прэс-служба.

Адпаведныя ўказы ён падпісаў 15 ліпеня.

У паведамленні гаворыцца, што “праектамі пагадненняў вызначаюцца асноўныя прынцыпы і спосабы супрацоўніцтва ў сферы мытнай справы, а таксама формы аказання ўзаемнай дапамогі мытнымі органамі”. Дакументы “прадугледжваюць парадак узаемадзеяння пры накіраванні запытаў і прадастаўленні інфармацыі для выяўлення, спынення і расследавання мытных правапарушэнняў”.

На правядзенне перагавораў па праектах пагадненняў упаўнаважаны Дзяржаўны мытны камітэт, на іх падпісанне — Міністэрства замежных спраў.

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка гэтымі днямі здзяйсняе працоўны візіт у краіны Лацінскай Амерыкі. Пасля Венесуэлы, дзе кіраўнік урада знаходзіцца зараз, ён наведае Кубу і Нікарагуа.

“Падчас гэтых візітаў хачу ўсіх настроіць на дасягненне практычных вынікаў. Трэба не толькі рэалізаваць усе напрацоўкі, якія ёсць і падрыхтаваны, але і намацаць пункты росту, над якімі трэба працаваць у бліжэйшы час”, — цытуе Галоўчанку прэс-служба ўрада.

12 чэрвеня ў Мінску Беларусь і Куба па выніках пасяджэння сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве падпісалі пратакол да міжурадавага пагаднення аб узаемных пастаўках, якое, паводле слоў намесніка міністра замежных спраў Яўгена Шастакова, устанаўлівае “новую планку для аб’ёмаў тавараабмену — да 15 млн долараў для кожным з бакоў на працягу пяці гадоў”.

27 траўня стала вядома, што старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў і мэр сталіцы Нікарагуа Манагуа Рэйна Хуаніта Руэда Альварада падпісалі пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве.

Тавараабарот паміж Манагуа і Мінскам настолькі малы, што амбасада Беларусі на Кубе (па сумяшчальніцтве адказвае за адносіны з Нікарагуа) не прыводзіць ніякіх лічбаў. Схематычны графік на сайце дыпмісіі дае зразумець, што аб’ём гандлю паміж дзвюма краінамі з 2017 года пераважна падаў, склаўшыся ў 2021 годзе прыкладна на ўзроўні 1,2 млн долараў (большая частка прыпадае на беларускі экспарт).

Падзяліцца: