Мінск 14:35

Ціханоўская на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці абмеркавала “балючыя для беларусаў пытанні”

Ілюстрацыйнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

18 ліпеня, Позірк. “Балючыя для беларусаў пытанні” абмеркавала падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці 18 ліпеня ў Вялікабрытаніі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

У спецыяльным відэазвароце яна адзначыла, што на мерапрыемстве сабраліся кіраўнікі 46 краін, сярод якіх прэзідэнты Францыі Эманюэль Макрон, Украіны Уладзімір Зяленскі, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, канцлер ФРГ Олаф Шольц і многія іншыя.

Сярод разгледжаных пытанняў Ціханоўская назвала вызваленне палітвязняў, падтрымку нядаўна створанага Міжнароднага гуманітарнага фонду, закрыццё краінамі Еўрасаюза межаў для аўтамабіляў з беларускімі нумарамі (прынятае рашэнне “трэба адмяніць або зрабіць выключэнні”), падтрымку еўрапейскай будучыні Беларусі (яна “частка еўрапейскай сям’і”), дапамогу беларусам у выгнанні, асабліва з легалізацыяй (пасля таго, як “рэжым пазбавіў грамадзян дакументаў і пашпартоў”); выцягванне Беларусі з вайны (яна “не павінна стаць суцяшальным прызам для [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна”).

Цяперашні саміт адбываецца у палацы Бленхейм, дзе нарадзіўся будучы брытанскі прэм’ер-міністр Уінстан Чэрчыль. Ціханоўская адзначыла, што імя гэтага палітыка “сімвалізуе рашучасць”.

“Спадзяюся, што Еўропа будзе рашучая ў падтрымцы Беларусі і Украіны”, — сказала палітык.

Еўрапейская палітычная супольнасць была створана з ініцыятывы Эманюэля Макрона праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны ва Укроаіне як міжурадавая арганізацыя для палітычных і стратэгічных дыскусій пра будучыню Еўропы.

У яе склад уваходзяць 27 дзяржаў Еўрасаюза і 20 іншых краін, ад Албаніі да Украіны.

Падзяліцца: