Мінск 10:24

Больш за 3 тыс. студэнтаў закрытых прыватных ВНУ прапанавана працягнуць вучобу ў дзяржаўных

Источник: freepik.com

25 ліпеня, Позірк. Пасля закрыцця “БІП — Універсітэта права і сацыяльных тэхналогій” і Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці больш за 3 тыс. студэнтаў напісалі заявы аб пераводзе ў іншыя навучальныя ўстановы, паведаміў тэлеканал “Беларусь 1” са спасылкай на Міністэрства адукацыі.

Заяўляецца, што студэнтам згаданых прыватных ВНУ прапанавалі перавесціся на падобныя кірункі ў Белдзяржуніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Удакладняецца, што БДЭУ прыме каля 800 чалавек.

Студэнтам філіяла БІП у Магілёве прапанавана працягнуць навучанне ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова, студэнтам Гродзенскага філіяла — у Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы.

Сцвярджаецца, што студэнты, якія не захочуць пераводзіцца ў прапанаваныя Міністэрствам адукацыі ВНУ, “змогуць самастойна выбраць месца па сваёй спецыяльнасці”.

17 чэрвеня партал “Люстэрка” паведаміў, што “БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій” спыняе сваю дзейнасць з 30 жніўня. У ВНУ заявілі, што “гэта рашэнне заснавальнікаў”.

24 чэрвеня аб спыненні працы з 1 верасня абвясціў Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з інфармацыяй на сайце ВНУ, “заснавальнікам і кіраўніцтвам ІПД прынятая пастанова аб спыненні адукацыйнай ліцэнзаванай дзейнасці”, таму прыёму абітурыентаў у 2024 годзе не будзе.

25 чэрвеня Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва заявіў, што не будуць набіраць першакурснікаў. Пры гэтым астатнія студэнты працягнуць вучобу.

Усе тры ВНУ працавалі з 90-х гадоў.

20 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам запатрабаваў “зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі”. Пасля гэтага ў краіне былі зачыненыя амаль усе прыватныя дзіцячыя садкі і школы.

Падзяліцца: