Мінск 05:51

Чарговыя змены ўвёў шэраг банкаў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: "Беларусы і рынак"

19 ліпеня, Позірк. Шэраг банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведаміў пра чарговыя новаўвядзенні ў абслугоўванні кліентаў. “Позірк” адсачыў змены па публікацыях на сайтах крэдытна-фінансавых арганізацый.

З 1 жніўня “Беларусбанк” павялічвае сутачныя ліміты па паслузе пераводу сродкаў “Хуткі”. Максімальная аднаразовая сума пераводу падвышаецца ў 5 разоў (з 100 да 500 рублёў), колькасць транзакцый у дзень з выкарыстаннем адной карткі — у 12,5 раза (з 200 да 2.500 рублёў). Максімальная колькасць аперацый, якія можна здзяйсняць на працягу чатырох дзён, вырасце ў 2,5 раза (з 6 да 15), а іх агульная сума — у 12,5 раза (з 600 да 7.500 рублёў). Максімальная колькасць аперацый на працягу 30 дзён — у 2,7 раза (з 15 да 40), агульная сума — у 13,3 раза (з 1.500 да 20.000 рублёў).

“Белгазпрамбанк” 26 ліпеня зняў забарону на аперацыі па сваіх картках па-за межамі Беларусі па кодах МСС 6051 (купля чэкаў, замежнай валюты, папаўненне электронных кашалькоў, гандлёвых рахункаў і іншыя квазікэш-аперацыі ў нефінансавых установах) і 7995 (транзакцыі па азартных гульнях).

“Белінвестбанк” прапануе мікра- і малому бізнесу з аб’ёмам гадавой выручкі да 3 млн долараў гарантыі (плацяжу, вяртання авансу, тэндэрныя, выканання гарантыйных абавязацельстваў і дагавора будаўнічага падраду, у адрас мытных органаў Беларусі). Гарантыі могуць быць выдадзеныя ў нацыянальнай або замежнай валюце на тэрмін да 7 гадоў і на суму не больш за 4,2 млн рублёў у эквіваленце.

“БНБ-Банк” з 1 жніўня будзе спаганяць камісію за вядзенне рахунку ў доларах ці еўра, калі астатак на ім у апошні працоўны дзень месяца перавышае 10 тыс. долараў (тут і далей у эквіваленце). Пры астатку ад 10 тыс. да 30 тыс. долараў камісія складзе 400 рублёў, ад 30 тыс. да 40 тыс. долараў ― 750 рублёў, ад 40 тыс. долараў ― 0,2% ад сумы перавышэння (разлічваецца як сумарная рэшта за вылікам 40 тыс. долараў), мінімум 1 тыс. рублёў.

“Парытэтбанк” з 5 па 18 жніўня закрые рахункі з доступам па картках, калі на працягу года на гэтых рахунках не было грошай або не праводзіліся аперацыі.

“Цэптэр Банк” 19 жніўня пачне спаганяць з нерэзідэнтаў камісію па рахунках у доларах або еўра — 0,2% сумы сярэднядзённага астатку (не менш за 400 рублёў), калі на працягу месяца ён перавышаў 20 тыс. долараў або еўра.

На 1 чэрвеня 2024 года ў Беларусі зарэгістравана 22 банкі (адзін з іх — “Дэльта Банк” — знаходзіцца ў стадыі банкруцтва).

Іх прыбытак з пачатку года, паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага банка, паменшыўся на 1 млрд 542,4 млн рублёў (-52,5%) і на 1 чэрвеня склаў 1 млрд 397,1 млн рублёў. Пры гэтым у траўні прыбытак банкаў павялічыўся на 277,1 млн (+24,7%). На 1 чэрвеня 2023 года гэты паказчык быў роўны 1 млрд 66 млн рублёў (прырост год да года — 31,1%).

Нарматыўны капітал фінансава-крэдытных устаноў за пяць месяцаў стаў большы на 5% (з 19 млрд 961,4 млн да 20 млрд 955,5 млн), а яго дастатковасць — на 0,3 працэнтнага пункта (з 19,9% да 20,2%).

"Імітацыя кропкавай наладкі". Навошта Нацбанк падвышае стаўкі

Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб павышэнні з 17 ліпеня на 0,5 працэнтнага пункта стаўкі па крэдыце овернайт — з 10,5% да 11% гадавых). Акрамя таго, паведаміла прэс-служба рэгулятара, з 1 жніўня будзе павялічаны нарматыў адлічэнняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых …
Падзяліцца: