Мінск 08:39

Генпракурор Швед прапанаваў Лукашэнку аднавіць вайсковую пракуратуру

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

2 лістапада, Позірк. Генеральны пракурор Андрэй Швед на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 2 лістапада прапанаваў аднавіць у Беларусі інстытут вайсковай пракуратуры.

Гаворка ідзе пра “галоўную вайсковую пракуратуру і міжгарнізонныя вайсковыя пракуратуры”, перадае словы Шведа прэс-служба Лукашэнкі.

“У сувязі з ваенна-палітычным становішчам паблізу нашых межаў намі праведзены аналіз арганізацыі нагляду за законнасцю ў войсках за мяжой, у тым ліку падчас ваенных канфліктаў. Ва ўсім свеце вайсковыя пракуроры з’яўляюцца абавязковым элементам сістэмы нацыянальнай бяспекі. Іх функцыянал паўсюдна задзейнічаецца ва ўсіх ваенных канфліктах”, — сказаў генпракурор.

Лукашэнка нагадаў, што ў 2014 годзе “была прынятая пастанова аб ліквідацыі сістэмы вайсковых пракуратур”. Іх паўнамоцтвы перадалі грамадзянскім органам нагляду.

“Але паўстае заканамернае пытанне: а цяпер на тым полі, у той зоне, дзе пракуроры павінны назіраць за аднастайным, дакладным выкананнем нашых законаў, абстаноўка ў гэтых абласцях змянілася? Мусіць. Паўстае пытанне: настолькі змянілася, што нам трэба сёння ствараць вайсковыя пракуратуры, узнавіць іх?” — заявіў Лукашэнка.

Указ аб ліквідацыі вайсковых пракуратур Лукашэнка падпісаў 26 сакавіка 2014 года. Рашэнне было прынята ў мэтах “удасканалення сістэмы органаў пракуратуры і аптымізацыі іх дзейнасці”.

Падзяліцца: