Мінск 18:20

Беларуская “Кропка” ў Вільнюсе абвясціла збор грошай на рамонт пасля нападу

Фота: "Новая газета. Балтыя"

30 ліпеня, Позірк. Каманда беларускай творчай прасторы і крамы “Кропка” ў Вільнюсе абвясціла збор грошай на рамонт пасля нападу, які адбыўся на выходных.

“Мы адкрываем рахунак на платформе buymeacoffee, каб вы маглі нам дапамагчы аднавіць шкло і сцены крамы”, — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі ў “Інстаграме”.

Варта адзначыць, што карыстальнікі гэтага сэрвісу ўжо ахвяравалі 400 эўра, якія былі заяўленыя мэтай збору, і нават перавысілі яе (на 12:45 — 455 эўра).

Каманда таксама паведаміла, што ахвяраваць сродкі можна непасрэдна на банкаўскі рахунак MB KROPKA (LT977300010185765144 з пазнакай Parama), а падтрымаць беларускіх майстроў лепш за ўсё купляй іх сувеніраў у гэтай краме.

Атака на “Кропку” была здзейсненая ў літоўскай сталіцы ў ноч на 28 ліпеня. На будынку невядомыя пакінулі надпіс на літоўскай мове “вяртайцеся дадому, беларускія свінні” (з трыма арфаграфічнымі памылкамі). Таксама было разбіта акно. Уладальнік арганізацыі экс-палітвязень Зміцер Фурманаў заявіў “Позірку”, што лічыць здарэнне “правакацыяй лукашыстаў”.

Творчую прастору і краму “Кропка” ў літоўскай сталіцы Фурманаў адкрыў разам з жонкай Вольгай у траўні 2024 года.

Там прадаюцца сувеніры, вырабленыя ў тым ліку майстрамі, якія змушана пакінулі Беларусі пад пагрозай палітычнага пераследу.

Напад на “Кропку” — “чарговая правакацыя рэжыму” Лукашэнкі, каб “пасварыць беларусаў і літоўцаў, сфармаваць варожае стаўленне да беларусаў у Літве і пасеяць пачуццё страху сярод беларускай супольнасці”, такое меркаванне выказала 29 ліпеня дэмакратычная лідар Святлана Ціханоўская.

Падзяліцца: