Мінск 14:57

ЗША не варагуюць з народамі Беларусі і Расіі — Дзярждэп

1 жніўня, Позірк. Злучаныя Штаты Амерыкі “не варагуюць ні з народам Беларусі, ні з народам Расіі”, заявіў на брыфінгу 31 ліпеня намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Ведант Патэль.

Паводле яго слоў, праблема заключаецца ў дзеяннях гэтых урадаў і, у прыватнасці, у варварскай, агрэсіўнай, незаконнай і не адпаведнай міжнароднаму праву агрэсіі Расеі, “якую мы назіраем, калі яны замахваюцца на тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны”.

Гэтая пазіцыя была агучана ў сувязі з зададзеным на брыфінгу пытаннем аб пазіцыі ЗША наконт нядаўняга рашэння Венгрыі змякчыць візавыя патрабаванні да грамадзян Беларусі і Расіі і ўключыць іх у праграму “Нацыянальная карта”.

У ЗША не хочуць, каб рашэнне Будапешта “мела негатыўныя наступствы для расійскага ці беларускага народа”, адзначыў Патэль, дадаўшы, што Венгрыя застаецца хаўруснікам краіны ў НАТО. Пры гэтым ён заўважыў, што толькі сам Будапешт можа каментаваць любыя рашэнні, якія прымаюцца краінай у дачыненні да міграцыі або перасячэння сваёй мяжы.

31 ліпеня міністр замежных спраў Венгрыі Петар Сіярта назваў “дзіцячай хлуснёй” сцвярджэнні, што ўключэнне грамадзян Беларусі і РФ у венгерскую праграму “Нацыянальная карта” ставіць пад пагрозу бяспеку Шэнгенскай зоны.

Паводле яго слоў, беларускія і расійскія грамадзяне могуць уязджаць у Венгрыю і Шэнгенскую зону выключна па візе, а атрымаць від на жыхарства — толькі паводле ўстаноўленай працэдуры.

“Згодна з еўрапейскімі правіламі, правядзенне працэдур выдачы віду на жыхарства з’яўляецца нацыянальнай юрысдыкцыяй”, — адзначыў чыноўнік.

“Нацыянальная карта” дазваляе грамадзянам некаторых замежных дзяржаў (цяпер гэта Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Малдова, Паўночная Македонія, Расія, Сербія, Украіна і Чарнагорыя) атрымаць у Венгрыі працу і перавезці ў краіну сям’ю, а праз тры гады — атрымаць сталы від на жыхарства.

Пра тое, што ўрад Венгрыі 8 ліпеня ўключыў грамадзян Беларусі і Расіі ў праграму, стала вядома напярэдадні з публікацый СМІ.

Падзяліцца: