Мінск 10:46

Экс-палітзняволеная Гебрэмарыям: Нават з тэрарыстамі вядуць перамовы, каб даставаць людзей з палону

Скрыншот відэа

4 жніўня, Позірк. “Я лічу, што зараз адчынілася акно магчымасцяў [для вызвалення палітвязняў], якім трэба скарыстацца”, — заявіла былая палітзняволеная, сябра Каардынацыйнай рады Алана Гебрэмарыям 4 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільнюсе.

“Мы бачым апошнія прэцэдэнты, якія адбываюцца ў свеце. Я маю ў выглядзе абмены паміж Расіяй і Ўкраінай, абмен паміж ЗША і Расіяй, 19 палітвязняў, якія выйшлі з турмаў у Беларусі. Гэтыя працэсы не заканчваюцца”, — сказала яна.

Паводле актывісткі, “цяпер у розныя калоніі прыходзяць супрацоўнікі розных структур, выклікаюць людзей наконт напісанняў памілаванняў, прызнання віны, запісу інтэрв’ю, з просьбамі выехаць разам з сям’ёй і не вяртацца ў Беларусь”.

Паводле інфармацыі ад сваякоў вядома, што большасць палітвязняў прымаюць гэтыя прапановы, сцвярджае яна: “І зараз рыхтуюцца новыя вызваленні”.

Пры гэтым Гебрэмарыям назвала “расчаравальнымі” выказванні аб тым, што “з дыктатурай не можа быць перамоў, што [палітзняволеныя] зрабілі свой выбар, што нельга прызнаваць віну і яны павінны стойка вытрымаць гэты шлях”.

“Але нават з тэрарыстамі вядуць перагаворы, каб даставаць людзей з палону”, — падкрэсліла яна.

Тым, хто знаходзіцца ў месцах несвабоды, “прыносяць раздрукоўкі, каб паказваць, якія дыскусіі ідуць у публічным полі і што палітвязняў асуджаюць за напісанне прашэнняў аб памілаванні”, сказала яна.

“Я лічу, што мы павінны пазбавіцца ад любых адзнак такога і ўзвесці чалавечае жыццё ў найвышэйшую каштоўнасць. Нашая стратэгічная мэта — перамовы і вызваленне. Менавіта гэтым зараз трэба займацца нам як дэмакратычнай супольнасці, так і лідэрам, у якіх ёсць сувязі з Захадам і палітыкамі”, — склала Гебрэмарыям.

У сваю чаргу галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што палітвязняў не вызваляюць не таму, што дэмсілы зрабілі “нечага не зрабілі” ці Захад супраць іх вызвалення, а з-за нежадання Аляксандра Лукашэнкі прадэманстраваць слабасць.

“Калі б ён быў крыху разумнейшы, хітрэйшы, ён бы пачаў гэта вызваленне”, — лічыць Вячорка.

Паводле яго, спробы дабіцца вызвалення палітзняволеных у Беларусі не спыняюцца, над гэтым працуюць як дэмсілы, так і заходнія партнёры.

“Міністр [замежных спраў Польшчы Радаслаў] Сікорскі выставіў ультыматум Лукашэнку вызваліць [Анджэя] Пачобута, — дадаў палітык. — І ўсё роўна ў Лукашэнкі нейкі бзік. Ён не хоча, выстаўляе свае ўмовы”.

На думку дарадцы дэмлідара, афіцыйны Мінск мог бы быць зацікаўлены ўключыць у міжнародны абмен 1 жніўня кагосьці з палітвязняў, аднак гэтага не адбылося.

Вячорка заклікаў “трымаць тэму палітвязняў у фокусе, каб пытанне іх вызвалення гучала пастаянна”.

“Нам трэба больш палітычнай волі, публічнага ціску, і тады, магчыма, будуць працаваць дыпламатычныя механізмы”, — сказаў на заканчэнне ён.

Паводле даных на 4 жніўня, праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1.390 чалавек.

Падзяліцца: