Мінск 19:47

Лукашэнка незадаволены цэнамі на гуркі і іншую гародніну

Крыніца: pixabay.com

21 снежня, Позірк. На падаражанне беларускай гародніны, у прыватнасці гуркоў і памідораў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка 21 снежня ў Мінску на нарадзе па цэнах.

Паводле інфармацыі яго прэс-службы, сёлета ўвесну Савету міністраў была пастаўлена задача “вырашыць праблему з вырошчваннем плодагародніннай прадукцыі ў міжсезонні”. Было прапанавана “пабудаваць больш цяпліц”, каб на працягу ўсяго года “можна было забяспечваць беларусаў сваёй гароднінай”. Аднак, заявіў Лукашэнка, урад вырашыў “паспрабаваць зладзіць з гэтай задачай з найменшымі ўкладаннямі”.

Намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц на нарадзе адзначыў, што “на прылаўках айчыннай прадукцыі ў дастатковай колькасці”, а цэны, напрыклад, на гуркі знізіліся на 16,5% ў параўнанні са снежнем 2022 года.

На гэта Лукашэнка заявіў, што людзей “хвалююць сённяшнія, а не леташнія цэны ў крамах”.

“Вырабіце гэтых гуркоў у дастатковай колькасці, — распарадзіўся ён. — Людзі хочуць, каб і ў Новы год яны былі танней. Я вам казаў: “Пабудуйце яшчэ 10 цяпліц”. Падумайце, што зрабіць. 10–15 гадоў таму я б так не казаў: дорага было — і газ, і нафта. Але зараз жа ўсяго хапае”.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, менавіта свежыя гуркі больш за ўсё падаражэлі ў лістападзе — цана на іх за месяц вырасла ў сярэднім на 65,92%. Па росце цэн сярод харчовых тавараў таксама лідзіравалі салодкі перац (+22,21%), свежыя памідоры (+17,91%), вінаград (+14,90%) і буракі (+9,09%). У цэлым прадукты харчавання падаражэлі на 1,10%.

Падзяліцца: