Афіцыйных кантактаў паміж Мінскам і Кіевам не было з сакавіка 2022 года — Кізім
![](https://pozirk.online/wp-content/uploads/2024/03/lukashenko_zelenski_2019_pres_gov_by_1128x752.jpg)
23 сакавіка, Позірк. Афіцыйных кантактаў паміж Мінскам і Кіевам не было з пачатку вясны 2022 года, заявіў амбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі, былы кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску Ігар Кізім 23 сакавіка ў Празе на ІІІ Канферэнцыі беларусаў свету (выступаў з дапамогай відэасувязі).
Дыпламат паведаміў, што ў сакавіку 2022 года Аляксандр Лукашэнка звязваўся праз яго з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пасля гэтага ніякіх зносін не было.
Паводле слоў Кізіма, Лукашэнка — чалавек, які дазволіў атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі і працягвае падтрымліваць вайну, у тым ліку прыцягвае прадпрыемствы абароннага комплексу ў дапамогу расійскай арміі.
Акрамя таго, менавіта Лукашэнка адказны за прапаганду, якая стварае негатыўны вобраз Украіны ў Беларусі. Амбасадар перакананы, што без яго дазволу “гэта не можа адбывацца”.
Такім чынам, інфармацыя пра тое, што “нехта на высокім узроўні ў Украіне можа весці закулісныя перамовы з такім чалавекам, з’яўляецца фэйкам”, падкрэсліў Кізім.