Мінск 20:11

За апошнія два тыдні ў Беларусь уехала 6,3 тыс. грамадзян Украіны — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

5 ліпеня, Позірк. За мінулыя два тыдні (з 6:00 21 чэрвеня па 6:00 5 ліпеня) у Беларусь уехала 6.299 грамадзян Украіны (з 7 чэрвеня па 21 чэрвеня — 6.932), вынікае з апублікаваных 5 ліпеня даных Дзяржаўнага памежнага камітэта, які раней абнаўляў гэтую інфармацыю штотыдзень.

Непасрэдна з Украіны (афіцыйна мяжа закрытая) прыбыў 1 чалавек (4), транзітам праз Польшчу — 4.950 (5.738), Літву — 1.249 (1.087), Латвію — 99 (103).

Ад пачатку года ў Беларусь накіравалася 66.872 грамадзяніны Украіны: транзітам праз Польшчу — 52.717, Літву — 13.257, Латвію — 868, з украінскай тэрыторыі — 30.

Усяго з 24 лютага 2022 года ў Беларусь прыбыло 213.364 грамадзяніны Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.948, транзітам праз Польшчу — 150.505, Літву — 41.507, Латвію — 5.404.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” сёлета ў лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах даных пра колькасць украінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулку. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Падзяліцца:
be