Мінск 15:41

Абгарэлы труп мужчыны знойдзены ў трактары ў Астравецкім раёне

Фота: ostrovets.by

17 верасня, Позірк. Пажар з гібеллю чалавека здарыўся ўвечары 16 верасня ў полі паблізу вёскі Гурнікі Астравецкага раёна (Гродзенская вобласць).

Як паведамляе мясцовая раённая газета “Астравецкая праўда”, жыхар вёскі “заўважыў дым, які ішоў з боку поля, і ўбачыў, як гарыць трактар”.

У выніку пажару, як паведамляецца, “знішчаны салон кабіны, пашкоджаныя заднія колы”. Унутры сельгасмашыны “знойдзены моцна абгарэлы труп мужчыны”.

Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання стала парушэнне правілаў эксплуатацыі электраабсталявання.

Адметна, што падрабязнасці гэтага пажару не адлюстраваныя ў сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ведамства паведаміла аб гібелі аднаго чалавека за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 16 верасня па 6:00 17-га). Паводле звестак МНС, з пачатку года на пажарах у Беларусі загінуў 381 чалавек (летась на гэтую дату — 358; +6,4%).

Падзяліцца: