Мінск 09:32

Чарговы рэсурс, які дапамагае пазбегнуць вайсковай службы, прызнаны “экстрэмісцкім”

Скрыншот: старонка "ВОЕННИК БАЙ" у сацыяльнай сетцы "УКантакце"

5 ліпеня, Позірк. Кантэнт рэсурсаў праекту “ВОЕННИК БАЙ” прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Адпаведнае рашэнне 4 ліпеня прыняў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска, вынікае з абноўленага пераліку на сайце Міністэрства інфармацыі.

Гаворка пра старонкі праекта ў “Фэйсбуку”, “УКантакце”, “Аднакласніках”, тэлеграм-бот і ютуб-канал.

Сярод іншага праект прапануе дапамогу ў “атрыманні ваеннага білета на законных падставах без службы ў арміі”.

23 траўня Генеральная пракуратура паведаміла, што на яе патрабаванне абмежаваны доступ да сайта povestka.org, на якім “публікавалася інфармацыя, якая прапагандуе спосабы ўхілення ад выканання вайсковага абавязку”, акрамя таго, там “аказвалася дапамога прызыўнікам у частцы ўхілення ад праходжання тэрміновай вайсковай службы” . Пасля кантэнт гэтага рэсурсу быў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

13 чэрвеня ведамства заявіла пра выяўленне інтэрнэт-пляцовак, якія “хавалі сваю дэструктыўную дзейнасць пад выглядам нібыта законнай прававой дапамогі прызыўнікам пры праходжанні імі мерапрыемстваў прызыву на тэрміновую вайсковую службу”. Сцвярджалася, што яны прапаноўвалі “кансультатыўныя платныя паслугі па ўхіленні ад вайсковай службы паводле медыцынскіх, сямейных і іншых падстаў”.

“Фактычна такія рэсурсы падштурхоўвалі прызыўнікоў да здзяйснення правапарушэнняў, звязаных з ухіленнем ад вайсковай службы, а таксама перашкаджалі законнай дзейнасці кампетэнтных органаў па камплектаванні асабовым складам Узброеных сіл і іншых вайсковых фарміраванняў”, — мяркуе наглядны орган.

Генпракуратура не канкрэтызавала, пра якія рэсурсы гаворка, але паведаміла, што іх інфармацыйная прадукцыя прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

У Беларусі прызыву на тэрміновую вайсковую службу падлягаюць мужчыны 18–27 гадоў, якія “стаяць або абавязаныя стаяць на вайсковым уліку”, не знаходзяцца ў запасе.

На пачатку 2023 года ўлады знізілі патрабаванні да стану здароўя грамадзян пры вызначэнні прыдатнасці да службы. Напрыклад, верхняя планка масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, была ўзнятая з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы пагранічнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і вайсковыя часці.

Раней непрыдатнымі прызнаваліся грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м2 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6–8 дыёптрый. Іх зрабілі абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве, а таксама пакінулі абмежавана прыдатнымі да службы на падставе кантракту ў спецыяльных злучэннях.

16 траўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка ўхваліў закон, які сярод іншага рэгламентуе абмежаванні на выезд грамадзян з Беларусі. Згодна з дакументам, КДБ надзяляецца правам не выпускаць з краіны грамадзян, “выезд якіх супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі”.

Падзяліцца: