Мінск 14:31

З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.078 НКА — Lawtrend

Ілюстрацыя: Lawtrend

2 кастрычніка, Позірк. З 2020 года да канца верасня 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.078 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец жніўня колькасць ліквідаваных арганізацый складала 2.072, ліпеня — 2.053, чэрвеня — 2.044, траўня — 2.033, красавіка — 2.022, сакавіка — 2.020, лютага — 2.012, студзеня — 1.995; снежня 2025 года — 1.990, 2024-га — 1.891, 2023-га — 1.509.

Паводле звестак Lawtrend, з 2021 года не менш за 1.267 НКА былі прымусова ліквідаваныя альбо знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ не менш за 811 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

Паведамляецца, што адной з ліквідаваных у жніўні арганізацый з’яўляецца “Рэлігійнае аб’яднанне бахаі ў Рэспубліцы Беларусь”. Пры гэтым падкрэсліваецца, што колькасць прымусова ліквідаваных у выніку працэсу перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый не ўваходзіць у статыстыку Lawtrend.

Праваабаронцы нагадалі, што ў верасні былі датэрмінова вызваленыя 25 палітычных зняволеных, сярод якіх прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці, грамадскія і культурныя дзеячы, даследчыкі і журналісты. Усе вызваленыя прымусова вывезеныя ў Літву, некаторыя без дакументаў, якія сведчаць асобу.

У аглядзе адзначаецца, што “вызваленне асобных палітычных зняволеных не суправаджаецца спыненнем крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці”.

“У месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца дзясяткі прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку не менш за 20 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і рабочага руху. На працягу маніторынгавага перыяду выносіліся новыя прысуды ў дачыненні да прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці”, — заявілі праваабаронцы.

Звяртаецца ўвага на падпісанне Аляксандрам Лукашэнкам 7 верасня ўказа № 304 “Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя”.

Lawtrend адзначае, што зацверджанае ўказам палажэнне аб стварэнні, дзейнасці і ліквідацыі фондаў уводзіць дадатковыя абмежаванні і ўзмацняе дзяржаўнае ўмяшанне ў асобныя аспекты дзейнасці такіх арганізацый. Таксама дакумент робіць больш жорсткай адказнасць фондаў за парушэнне заканадаўства.

Падзяліцца: