Мінск 16:02

МАРГ устанавіў парушэнні амаль ва ўсіх правераных аб’ектах Магілёўскага райспажыўтаварыства

2 кастрычніка, Позірк. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) устанавіла парушэнні ў 40 з 41 праверанага аб’екта Магілёўскага райспажыўтаварыства, паведамляе прэс-служба ведамства.

Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі былі невыкананне абавязковага асартыменту і памылкі ў афармленні цэннікаў (29 аб’ектаў), а таксама парушэнні санітарных патрабаванняў і ўмоў захоўвання тавараў (21 аб’ект).

Акрамя таго, у кожнай другой краме выяўлена рэалізацыя пратэрмінаваных тавараў альбо тавараў без указання тэрміну прыдатнасці.

Па выніках праверкі з рэалізацыі знята амаль 100 найменняў тавараў на суму больш за 1,6 тыс. рублёў.

Таксама выяўлены факты парушэння заканадаўства аб цэнаўтварэнні і ўстаноўлена, што ў выніку адгрузкі тавараў у адрас бюджэтных арганізацый па завышаных цэнах абласному і мясцовым бюджэтам нанесена шкода ў памеры больш за 1,2 тыс. рублёў.

“Па выніках праверкі да адказнасці прыцягнуты тры службовыя асобы, 40 асобам вынесеныя папярэджанні. Агульная сума штрафных санкцый у дачыненні да райспажыўтаварыства склала каля 2 тыс. рублёў”, — паведамілі ў Міністэрстве.

Адзначаецца таксама, што ўсяго за 9 месяцаў 2026 года ведамства правяло 24 праверкі на больш чым 240 аб’ектах, пры гэтым “дзейнасць 8 з іх прыпынялася за парушэнні заканадаўства”.

“Праведзены маніторынг у больш чым 2,8 тыс. аб’ектах, выдадзена 1.795 рэкамендацый аб ліквідацыі парушэнняў, накіраваныя 553 прадпісанні аб забароне рэалізацыі прадукцыі з мінулымі тэрмінамі прыдатнасці. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 490 асоб. сума штрафаў склала больш за 125 тыс. рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Да адказнасці прыцягнутыя 1.302 асобы, агульная сума штрафаў перавысіла 1 млн рублёў, прадухілена правядзенне дзяржзакупак з парушэннем заканадаўства на суму звыш 132,7 млн рублёў.

Раней МАРГ паведаміў, што за восем месяцаў 2026 года па выніках праверак аб’ектаў Белкаапсаюза накладзеныя штрафы на суму больш за 18,1 тыс. рублёў.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Вілейцы (Мінская вобласць) 7 жніўня заявіў, што праца Белкаапсаюза “застаецца неэфектыўнай”, а ўрад і кіраўніцтва спажыўкааперацыі “не змаглі змяніць сітуацыю да лепшага”.

Паводле яго слоў, за мінулы год колькасць крам у сельскай мясцовасці скарацілася на 314, аўталавак — на 13.

Застаецца стратнай праца арганізацый рознічнага гандлю Белкаапсаюза. За першую палову гэтага года чыстая страта склала 16,4 млн рублёў, павялічыўшыся ў 11 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га. “Калі гэта так, гэта жудасць”, — сказаў прамоўца.

Падзяліцца: