Мінск 12:38

У Літву з Беларусі праніклі 35 мігрантаў, іх шукалі з верталётам і сабакамі

Фота: САДМ

2 кастрычніка, Позірк. Аб пранікненні 35 мігрантаў з Беларусі ў Варэнскі раён паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Гэта адбылося ўвечары 1 кастрычніка ў раёне вёскі Катра на тэрыторыі Чэпкельскага запаведніка ў балоцістай мясцовасці. Адзначаецца, што ў гэтым месцы адсутнічае фізічная загарода, аднак парушальнікаў зафіксавала сістэма відэаназірання.

Для затрымання замежнікаў памежнікі задзейнічалі верталёт, кінолагаў са службовымі сабакамі. Падкрэсліваецца, што на час правядзення аперацыі былі перакрытыя навакольныя дарогі, таксама дапамогу памежнікам аказвала паліцыя.

У паведамленні гаворыцца, што мігранты на літоўскай тэрыторыі падзяліліся на некалькі груп, аднак далёка прасунуцца ўглыб краіны не змаглі: усіх 35 чалавек затрымалі ў лесе.

Паводле даных САДМ, затрыманыя — мужчыны ва ўзросце 20–30 гадоў. Толькі 11 з іх мелі пры сабе дакументы. Са спасылкай на словы затрыманых паведамляецца, што яны з’яўляюцца грамадзянамі Афганістана і Ірака.

Да раніцы 2 кастрычніка 29 затрыманых вернута ў Беларусь. Яшчэ пяцярых працягвалі апытваць. Адзін з мігрантаў паскардзіўся на самаадчуванне, яму выклікалі хуткую дапамогу, пасля чаго мужчыну даставілі ў медыцынскую ўстанову.

САДМ паведамляе, што з пачатку года літоўскія памежнікі не дазволілі незаконна трапіць у краіну з Беларусі 1.661 мігранту.

Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных памежных служб еўрапейскіх дзяржаў на 30 верасня, з пачатку года суседнія краіны ЕС прадухілілі крыху менш за 13,8 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі, у тым ліку Літва — крыху менш за 1,7 тыс., Польшча — каля паўтысячы, астатнія выпадкі прыйшліся на Латвію.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Падзяліцца: