Мінск 22:32

Ціханоўская падзякавала Італіі за “нязменнае сяброўства і салідарнасць”

Святлана Ціханоўская і Джорджа Мелоні падчас сустрэчы ў Рыме
Крыніца: старонка Ціханоўскай у сацсетцы X

2 чэрвеня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў віншаванні Італіі з Днём абвяшчэння рэспублікі падзякавала гэтай краіне за “нязменнае сяброўства, салідарнасць і падтрымку” дэмсіл і народа Беларусі.

“Ваша прыхільнасць натхняе нас на далейшую барацьбу за свабоду і справядлівасць у Беларусі”, — напісала палітык у сацсетцы X.

Ціханоўская наведвала Рым 5–7 ліпеня 2023 года. Падчас візіту яна правяла сустрэчы з прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў Італіі, парламентарыямі, прадстаўнікамі прафсаюзаў, экспертамі і медыя.

Паведамлялася, што на сустрэчах абмяркоўвалася размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, стратэгія па вызваленні палітвязняў, санкцыі і ізаляцыя рэжыму, падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і інш.

З прэм’ер-міністрам Італіі Джорджай Мелоні Ціханоўская сярод іншага абмеркавала абарону беларускай незалежнасці і ізаляцыю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка паведамляў “Позірку”, што кіраўніца італьянскага ўрада запэўніла Ціханоўскую ў “поўнай падтрымцы беларускага дэмакратычнага руху”. У сваю чаргу дэмлідар падзякавала Італіі за падтрымку рэпрэсаваных, выдачу беларусам віз, непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам і падзел беларускага рэжыму і народа.

Вячорка таксама нагадаў, што ў італьянскім парламенце створаная група “За дэмакратычную Беларусь”, куды ўвайшлі 38 дэпутатаў з абедзвюх палат — прадстаўнікі “ўсіх асноўных партый”. “Група будзе лабіраваць пытанне Беларусі, праводзіць сустрэчы з беларускімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, рэпрэсаванымі, прапаноўваць рэзалюцыі і фарміраваць палітычныя пазіцыі па Беларусі”, — падкрэсліў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Падзяліцца: