be
Arrow
Мінск 18:39

Ціханоўская дамовілася з уладамі Італіі аб супрацы ў справе прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці

8 ліпеня, BPN. Супрацоўнічаць у справе прыцягнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і незаконны вываз у Беларусь дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны дамовілася дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з уладамі Італіі падчас візіту ў Рым 5–7 ліпеня.

Падводзячы папярэднія вынікі паездкі, галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка паведаміў BPN, што Ціханоўская за гэтыя дні сустрэлася с прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў Італіі, парламентарыямі, прадстаўнікамі прафсаюзаў, экспертамі і медыя. На сустрэчах абмяркоўвалася размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, стратэгія па вызваленні палітвязняў, санкцыі і ізаляцыя рэжыму, ліпеньскі саміт НАТО ў Вільнюсе, падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя з боку Італіі.

“Прэм’ерка [Джорджа] Мелоні прыняла Святлану Ціханоўскую ў сваёй рэзідэнцыі, — адзначыў Вячорка. — Прыём Ціханоўскай ў Італіі на такім узроўні [быў] ўпершыню. Гэта важны сігнал салідарнасці і падтрымкі дэмакратычнай і незалежнай Беларусі”. 

“Італія працягне выдачу віз для беларускіх грамадзян (сёння Італія сярод лідараў па выдачы віз). Італія падтрымае пункты па Беларусі ў выніковай рэзалюцыі саміту НАТО, а таксама разглядзіць магчымасць узняцца беларускага пытання ў Еўрасаюзе і структурах ААН. У бліжэйшы час будзе разглядацца пытанне новых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі”, — паведаміў галоўны дарадца палітыка.

Паводле яго слоў, дэмлідар разам з італьянскімі уладамі будзе дамагацца расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі “праз міжнародныя суды”. 

“Прафсаюзы Італіі працягнуць падтрымку беларускіх рабочых, а таксама будуць дабівацца ад ураду наступных крокаў згодна з рашэннем Міжнароднай арганізацыі працы аб выкарыстанні артыкулу 33 [статута МАП] у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за сістэмныя парушэнні правоў рабочых і рэпрэсіі супраць прафсаюзаў”, — паведаміў Вячорка.

Акрамя таго, паводле яго слоў, бакі дамовіліся працягваць праекты “па рэабілітацыі дзетак рэпрэсаваных, а таксама далучэнні беларускіх дзеячаў культуры да праграм абмену і стажыровак”.

“Будзе разгледжана магчымасць дапамогі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць за Украіну. Італія будзе падымаць пытанне Беларусі падчас свайго старшынства ў “Вялікай сямёрцы”, якое пачнецца 1 студзеня 2024 года”, — дадаў ён.

Вячорка таксама нагадаў, што у італьянскім парламенце створаная група “За дэмакратычную Беларусь”, куды ўвайшлі 38 дэпутатаў з абедзвюх палат — прадстаўнікі “ўсіх асноўных партый”. “Цяпер гэта самая вялікая парламенцкая група з 21 [існуючай у парламентах розных краін]. Група будзе лабіяваць пытанне Беларусі, праводзіць сустрэчы з беларускімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, рэпрэсаванымі, прапаноўваць рэзалюцыі і фармаваць палітычныя пазіцыі па Беларусі”, — падкрэсліў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Падзяліцца: