Мінск 00:27

Польскія памежнікі перакрылі рух у пункце пропуску Цярэспаль, спрабуюць выправадзіць грамадзяніна Беларусі — ДПК

Мост праз Заходні Буг.
Архіўнае фота: Polskie Koleje Państwowe

12 чэрвеня, Позірк. Польскія памежнікі перакрылі рух у пункце пропуску Цярэспаль (з беларускага боку Брэст), паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.

“На беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску Брэст затрудн ⟨…⟩ ускладнены рух транспарту ў абодвух напрамках. Паводле папярэдніх звестак, гэта звязана з інцыдэнтам на польскім баку”, — гаворыцца ў рэлізе.

Сцвярджаецца, што памежная служба Польшчы не прапускае на сваю тэрыторыю грамадзяніна Беларусі і спрабуе “ў прымусовым парадку выправадзіць яго са свайго боку на беларускую тэрыторыю”.

“Мужчына застаецца на тэрыторыі Польшчы. У цяперашні час польскі бок прыпыніў рух транспартных сродкаў у абодвух напрамках”, — адзначыла ведамства.

Памежная ахова Польшчы інцыдэнт не каментуе.

Паводле інфармацыі выдання MOST, гаворка ідзе пра 40-гадовага ўраджэнца Бабруйска Дзмітрыя Смактуновіча.

“11 чэрвеня 2024 года паліцыя спыніла беларуса для праверкі дакументаў. Высветлілася, што ў яго быў ануляваны літоўскі ВНЖ”, — гаворыцца ў матэрыяле са спасылкай на ягоную жонку.

Паводле яе слоў, Смактуновіч застаўся на мосце праз Заходні Буг, па якім праходзіць мяжа.

Яму на радзіме пагражае Пераслед па палітычных матывах, паведаміла жонка.

Паводле інфармацыі выдання, падставай для затрымання “магло стаць тое, што мужчына перавозіў мігрантаў, якія нелегальна ўязджаюць у Польшчу з беларускага боку”.

Са слоў жонкі, Смактуновіча “затрымлівалі за гэта яшчэ ў красавіку 2023 года, тады ён супрацоўнічаў са следствам, дзякуючы ягоным дзеянням удалося выйсці на іншых удзельнікаў канала перавозкі, судзімасць пагашаная”.

Падзяліцца: