Лукашэнка папрасіў першую лэдзі Зімбабвэ перадаць мужу, што яго чакаюць у Беларусі
10 ліпеня, Позірк. У Беларусі чакаюць візіту прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з жонкай лідара гэтай афрыканскай дзяржавы Аксіліяй Мнангагвай.
“Акажам яму ўсялякае садзейнічанне ў рэалізацыі гэтай місіі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Перадайце, калі ласка, Эмерсану, майму даўняму сябру, самыя добрыя зычэнні і нашую рашучасць рэалізаваць нашыя дамоўленасці”.
Паводле яго слоў, за развіццё стасункаў Беларусі з краінамі Афрыкі будзе адказваць новы міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў: “Ён абсалютна ў тэме. Думаю, хуткім часам ён зможа пабываць у вас і, калі будзе неабходнасць, адкарэктаваць нашы планы і тыя задачы, якія мы будзем вырашаць хуткім часам”. Лукашэнка падкрэсліў, што ў Мінска “вельмі вялікія, шырокія планы” на Зімбабвэ.
Напрыканцы траўня беларускі ўрад прыняў рашэнне аказаць Зімбабвэ гуманітарную дапамогу на 1,24 млн рублёў (390,4 тыс. долараў) — перадаць прадукты харчавання, лекі і вітаміны, дзіцячае адзенне і абутак, гаспадарчае мыла, посцілкі і пледы, дызель-помпавыя ўстаноўкі.
3 красавіка прэзідэнт Мнангагва абвясціў рэжым нацыянальнага бедства ў краіне праз моцную засуху і нашэсце сельскагаспадарчых шкоднікаў. Ён паведаміў, што ў харчовай дапамозе будзе мець патрэбу больш за 2,7 млн чалавек, і звярнуўся да сусветнай супольнасці з просьбай аб падтрымцы. Зімбабвэ, паводле яго слоў, “спатрэбіцца дадаткова 2 млрд долараў на барацьбу з засухай”.
18 красавіка, віншуючы Мнангаву з Днём незалежнасці, Лукашэнка адзначыў, што “Беларусь з задавальненнем назірае за паспяховымі дынамічнымі зменамі ў розных галінах эканомікі Зімбабвэ”, звярнуў увагу на “важную ролю абмену візітамі на вышэйшым узроўні для ўмацавання двухбаковых кантактаў” і выказаў надзею на хуткую сустрэчу з ім у Беларусі.
Беларускія ўлады актывізавалі кантакты з Зімбабвэ ў 2023 годзе, аднак актуальных даных па двухбаковым тавараабароце няма. Па выніках 2022 года аб’ём узаемнага гандлю склаў каля 40 млн долараў, 2021-га — 25 млн, 2020-га — 33,6 млн.
Лукашэнка наведваў Зімбабвэ з 30 студзеня па 1 лютага 2023 года. У красавіку са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала згаданая Аксілія Мнангагва.
У час візіту Лукашэнкі было падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснай камісіі па супрацоўніцтве паміж краінамі, першае пасяджэнне якой прайшло ў Харарэ сёлета ў лютым. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік (пакінуў пасаду 27 чэрвеня 2024-га).
26 студзеня 2024 года міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падпісаў у Зімбабвэ мемарандум аб супрацы паміж праваахоўнымі ведамствамі дзвюх дзяржаў. Паводле слоў кіраўніка МУС, Лукашэнка “даручыў аказаць усялякую падтрымку зімбабвійскім сябрам”.
31 студзеня гэтага года мемарандум аб супрацы падпісалі ў Мінску міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік (цяпер амбасадар у РФ) і яго зімбабвійская калега Сітэмбіса Джайл Глэдзіс Ньёні.
20 лютага ў Харарэ міністэрствамі абароны Беларусі і Зімбабвэ падпісаны план сумесных мерапрыемстваў у вайсковай сферы.
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ПалітыкаЦіханоўская і прэзідэнт Германіі абмеркавалі будучыню Еўропы пасля змены ўлады ў ЗША (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка7 лістапада Польшча зафіксавала найменшую з канца лютага колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаТолькі тры вуліцы Мінска названыя ў гонар беларускіх несавецкіх дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў — даследаванне (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка