Мінск 20:16

Лукашэнка разлічвае на “хуткую сустрэчу” з прэзідэнтам Алжыра

1 лістапада, Позірк. Надзею на” хуткую сустрэчу” для абмеркавання “далейшых планаў па развіцці двухбаковых адносін” выказаў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні, накіраваным 1 лістапада прэзідэнту Алжыра Абдэльмаджыду Тэббуну з нагоды Дня Рэвалюцыі.

Беларусь зацікаўлена “ў нарошчванні плённага супрацоўніцтва” з гэтай паўночнаафрыканскай краінай “па такіх напрамках, як пастаўкі прадуктаў харчавання, стварэнне сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і транспартных сродкаў”, гаворыцца ў пасланні, якое цытуе прэс-служба Лукашэнкі.

На яго думку, імпульс беларуска-алжырскаму ўзаемадзеянню можа надаць “рэалізацыя сумесных праектаў з выхадам на рынкі іншых краін афрыканскага кантынента”.

“Алжыр і Беларусь — краіны з багатымі культурнымі традыцыямі, моцнымі эканомікамі, прагрэсіўнымі навукай і тэхналогіямі, падобнымі каштоўнасцямі, што ўяўляе сабой трывалую аснову для ўмацавання двухбаковых сувязяў”, — гаворыцца ў віншаванні.

Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўстаноўлены ў 1995 годзе.

Паводле звестак пасольства Беларусі ў Егіпце, якое таксама адказвае за Алжыр, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў усяго 1,01 млн долараў. Пры гэтым алжырскія пастаўкі адсутнічалі, а Беларусь экспартавала калійныя ўгнаенні, канцылярскія тавары, газетную паперу, пакрыты або прасякнуты пластмасамі тэкстыль. Статыстыка па гандлі за 2022 год не прыводзіцца.

Падзяліцца: