Мінск 21:36

Спецслужбы Беларусі і РФ прыцягваюць людзей для дыверсій у Польшчы, сцвярджае аналітык

22 ліпеня, Позірк. Расійскія і беларускія спецслужбы “маюць шырокія структуры па вярбоўцы асоб для дыверсійных аперацый у Польшчы”, з такім сцвярджэннем выступіў у эфіры Polskie Radio 24 польскі ваенны аналітык Мацей Каравай.

Паводле яго слоў, за апошнія месяцы ў краіне “адбылося некалькі пажараў, якія польскія службы аналізуюць з пункту гледжання магчымай дзейнасці замежных агентаў”. У гэтым кантэксце ён згадаў пажары ў гандлёвым комплексе на вуліцы Марывільскай у Варшаве, порце Гданьска, аўтобусным парку ў Бытаме.

Вярбоўка, заявіў Каравай, вядзецца “сярод людзей, якія не абавязкова ведаюць, што працуюць у гэтых службах”.

“Сцэнарыі розныя. Напрыклад, выкарыстоўваюцца людзі са злачыннай супольнасці, дзе можна наняць людзей за грошы і рабіць што заўгодна. Гэта таксама можна зрабіць пад рознымі легендамі, напрыклад, выдаўшы сябе за прадпрымальніка, які хоча падпаліць кампанію, каб атрымаць страхавыя грошы”, — сказаў аналітык.

Каравай супрацоўнічае з парталам defence24.pl, які факусуецца на інфармацыі пра зброевую прамысловасць, узброеныя сілы, геапалітыку. Паводле даных медыя, згаданы эксперт спецыялізуецца “на пытаннях і тактыцы бяспекі, аперацыях і стратэгіях Беларусі, РФ і Украіны”. Падпалкоўнік запасу, праходзіў прафесійную службу ў частках 1-й механізаванай дывізіі, 11-й бронекавалерыйскай дывізіі і цэнтральных установах Міністэрства нацыянальнай абароны.

28 траўня стала вядома, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала ў Варшаве траіх падазраваных у падрыхтоўцы і здзяйсненні падпалаў і дыверсій на тэрыторыі краіны.

Заяўлялася, што ў ліку затрыманых паляк і два беларусы. Адзін з беларускіх грамадзян можа быць экс-супрацоўнікам МУС, іншы — раней судзімым былым байцом ММА.

Паводле звестак аб’яднання былых сілавікоў ByPol, усе трое затрыманых па “справе аб падпалах” раней удзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны на баку УСУ, служылі ў складзе батальёна “Тэрор”. Пры гэтым яны “выкарыстоўваліся расійскімі спецслужбамі “ўцёмную”, выконваючы за грошы ў Польшчы крымінальныя заказы”.

21 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расіяй спробах дыверсій ёсць грамадзяне Беларусі. Гаворка ішла пра спыненую спробу падпалу завода па вытворчасці фарбаў у Вроцлаве.

Падзяліцца: