Мінск 16:07

Мінздароўя пашырыла пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў

Ілюстрацыйнае фота: pickpik.com

23 ліпеня, Позірк. Пашыраны пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Сярод іншага ў пералік уключылі наркатычны сродак бутанітазен; небяспечнае псіхатропнае рэчыва бромазалам, дазволенае да кантраляванага абароту; 12 новых псіхатропных рэчываў, якія не выкарыстоўваюцца ў лекавых мэтах.

Змены, як адзначае ведамства, звязаныя з тым, што Камісія па наркатычных сродках ААН усталявала кантроль над бутанітазенам, бромазаламам, дыпентылонам.

Як паведамляецца, “ад Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз паступілі звесткі пра тое , што ў Расіі выяўленыя факты абароту новых псіхаактыўных рэчываў”.

Новыя наркатычныя сродкі падлягаюць унясенню ў рэспубліканскі пералік адпаведных ведамстваў “максімальна аператыўна” — “у тэрмін менш за тыдзень”, паведаміў на прэс-канферэнцыі 22 красавіка намеснік начальніка ўпраўлення ДКСЭ па Мінску Дзмітрый Гулідзін.

Паводле яго слоў, фактычна любое рэчыва, якое прыходзіць на даследаванне ў ДКСЭ, “ужо з’яўляецца падкантрольным на падставе базавай структуры”, гэта значыць вядома экспертам, “але можа быць нязначна змененае”.

У 2023 годзе ў Беларусі паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса было зарэгістравана 4.139 (-9,1% у параўнанні з 2022-м) злачынстваў.

У Беларусі сваякоў і блізкіх асоб, асуджаных паводле “наркатычнага” артыкула 328 КК, аб’ядноўвае рух “Маці 328”. Члены ініцыятывы лічаць, што ў Беларусі занадта суровае пакаранне за наркотыкі, напрыклад, калі спажыўцоў судзяць як распаўсюджвальнікаў.

У траўні, калі “Маці 328” папрасілі пра сустрэчу старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, тая адказала жорсткай адмовай. Актывістам закрыты доступ да напісання петыцый.

Падзяліцца: